„Не” – беларускай этнафілалогіі ў Беластоку



У гэтым годзе не будзе беларускай этнафілалогіі ў Беластоцкім універсітэце.

uwb-uniwersytet-filologiczny-historyczno-socjologiczny1

Фота:  Katarzyna Cichoń

У першым туры прыёму дакументаў на беларускую этнафілалогію заявы склалі  10 асобаў, з якіх толькі 3 выканалі ўсе фармальныя ўмовы. Улады ўніверсітэта кажуць, што гэта не дае надзеі на адкрыццё спецыяльнасці.

Загадчыца кафедры беларускай філалогіі прафесар Галіна Тварановіч кажа пра неспрыяльную палітыку:

– Супраць тутэйшай беларусістыкі робіцца вельмі незычлівы крок. 11 ліпеня ва ўніверсітэцкіх навінах была змешчана інфармацыя пра тое, што адкрыецца набор на другі тур для некаторых спецыяльнасцяў, сярод якіх была і беларуская этнафілалогія. І вось 14 ліпеня прарэктар Галіцкі вывешвае такую інфармацыю. Дарэчы, са мной не параіліся, ніхто нават і слова не сказаў. Гэта цынізм.  

Прарэктар Юры Галіцкі спасылаецца на аб’ектыўныя прычыны. Як ён кажа, досвед мінулых гадоў паказвае, што няма шанцаў на адкрыццё беларускай этнафілалогіі ў гэтым годзе.

– З нашага досведу ёсць так: калі мы працягваем набор, то максімум можна атрымаць 30-50% і больш. Калі падаўжаем набор, то ў пэўнай ступені мы даем упэўненасць тым, хто ўжо запісаўся, што гэты кірунак будзе. Але мы на дадзены момант не можам гэтага сказаць.

Некаторыя беларускія арганізацыі ўжо накіравалі лісты да ўладаў Беластоцкага ўніверсітэта аб адмене рашэння пра спыненне прыёму заяваў на беларускую этнафілалогію. Па словах прарэктара Юрыя Галіцкага, спецыяльнасць “Беларуская этнафілалогія” не закрываецца – гэта толькі спыненне прыёму ў гэтым годзе.

Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток