«Не – плоту на беларуска-польскай мяжы»: акцыя ля гарадской управы ў Гайнаўцы
«Не – плоту на беларуска-польскай мяжы» – пад такім лозунгам прайшла сёння ля гарадской управы ў Гайнаўцы спантанная акцыя. У гэты час ва ўправе горада праходзіла сустрэча войтаў памежных гмінаў, дзе мае быць пабудаваны плот, з гайнаўскім старастам Андрэем Скепкам і прадстаўнікамі фірмы «Будзімэх». У акцыі супраць пабудовы плоту прымала ўдзел жыхарка Белавежы Гражына Хыра:
-Будзе транспарт з будаўнічымі матэрыяламі праз усю вёску праязджаць. Галоўнай вуліцай цягам некалькіх кіламетраў аж да мяжы. Каб можна было зрабіць гэта нейкім чынам, каб Белавежу ўвогуле абмінуць. Мне нават цяжка каментаваць, я маю багатае ўяўленне, але гэтага я не ўяўляю, што нешта падобнае да плоту можа з’явіцца ў Белавежскай пушчы!
Польскі бок на будаўніцтва плоту гатовы выдзеліць 400 мільёнаў долараў. Новая загарода з’явіцца на працягу 186 кіламетраў польска-беларускай мяжы. Вышыня плоту з калючым дротам зверху складзе 5,5 метра.
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя