Не спыняюцца спробы нелегальнага перасячэння мяжы з Беларусі ў Польшчу
За мінулыя суткі з Беларусі ў Польшчу спрабавалі нелегальна трапіць 78 замежнікаў.

Паведаміла польская Памежная служба. Частку мігрантаў затрымалі, калі яны перасякалі памежныя рэкі. Як паведамляюць польскія памежнікі, сярод людзей, якія спрабавалі перасекчы мяжу, былі грамадзяне Камеруну і Егіпту.
Памежная служба затрымала 20 чалавек, якія пераходзілі раку Свіслач. Яшчэ 11 іншаземцаў затрымалі пры перасячэнні ракі Нараў.
Паводле звестак Памежнай службы, усяго з пачатку месяца зафіксавана больш за тысячу трыста спроб незаконнага перасячэння мяжы з Беларусі ў Польшчу. У кастрычніку такіх спробаў было больш за дзве з паловай тысячы. Агулам з пачатку года – больш за трынаццаць тысяч.
