„Неалагізмы вайны”
Вайна, як страсенне ўсіх сфер жыцця украінцаў, не стала выключэннем і для ўкраінскай мовы. Узбагачэнне лексікі пачалося яшчэ дзевяць гадоў таму, у 2014 годзе, калі з’явіліся „ватнікі”, „сепары” і „укропы”. Тады ж у грамадзянскую гаворку сталі пранікаць словы, больш характэрныя для вайскоўцаў – „двухсотыя” і „трохсотыя”. Адтуль і дзеясловы „задвухсоціць” і „затрохсоціць”, адпаведна, ліквідаваць і раніць. Акрамя новай, асабліва ваеннай, тэрміналогіі, украінцаў накрыла хваля словаўтварэння ў адносінах да ворага.
Расейскую Федэрацыю цяпер называюць „мордарам” і „аркастанам”, а смерць ворага – «негатыўным нараджэннем». Асобны рэспект Гугл-перакладчыку: пасля серыі першых выбухаў у Белгарадзе расейскія журналісты сталі называць іх «хлопками», пасля чаго крамлёўскія тролі з фэйкавых акаўнтаў у сацсетках пакідалі каментары нібыта па-ўкраінску, а аўтапераклад выдаў слова „хлопок”, як „бавоўна”. Цяпер так называецца кожны выбух на падкантрольнай РФ тэрыторыі.
А выраз „привези унитаз” – сімвал марадзёрства расейскіх вайскоўцаў. «Стаць сланечнікам» – пажаданне ворагу насыпаць у кішэню насенне, загінуць, угнаіць украінскую зямлю і прарасці. Некаторыя неалагізмы маюць не толькі палітычны, але і міжнародна-палітычны характар. „Макроніць” – выказваць глыбокую занепакоенасць і пры гэтым нічога не рабіць па сутнасці (вядомае фота французскага прэзідэнта Макрона з Елісейскага палаца з заклапочаным выразам твару); „валяць Шольца” (нерашучасць нямецкага канцлера, які, на шчасце, ужо стаў на шлях выпраўлення);
«кадырыць» — выдаваць жаданае за сапраўднае, як гэта робіць ціктокерскае войска чачэнскага Дона); «Шайгуніць» (заспакаяльнае ад Шайгу аб тым, што ўсё ідзе згодна з планам). Дасталася ад украінцаў і сваім жа палітыкам, якія ў першыя дні вайны збеглі за мяжу. Цяпер існуе «батальён «Манака».
Трохі з духоўна-скрэпнага: „загундзячыць” – татальна ўвесці ў зман, як патрыярх Кірыл Гундзяеў сваю паству. І хоць над Украінай рэгулярна лётаюць „мапеды” – іранскія дроны-камікадзэ, ВСУ паспяхова „байрактарят”, „хаймарсят” і „джавелинят”, то бок „двухсоцяць” ворага ў залежнасці ад узбраення. А ў ворага адна перспектыва – пайсці за «рускім ваенным караблём».
Беларускае Радыё Рацыя