Кантрабанда ў падвойнай сценцы прычэпа
Тры тысячы пачак цыгарэт, кошт якіх ацэньваецца ў 10 тысяч еўра, знайшлі польскія мытнікі. Кантрабанду выявілі на памежным пераходзе ў Кузьніцы. Нелегальныя цыгарэты былі схаваныя ў адмысловай хованцы ў прычэпе фуры. Кажа Мацей Чарнэцкі з Мытнай палаты ў Беластоку:
– Падчас агляду польскай фуры, якая вязла з Беларусі дошкі, у мытнікаў выклікала зацікаўленне пярэдняя сценка прычэпа. Як аказалася, там была хованка, дзе былі схаваны цыгарэты. Агулам у падвойнай сценцы прычэпа было 3 тысячы пачак нелегальных цыгарэтаў. У дачыненні да 21-гадовага паляка, які быў кіроўцам фуры, пачата крымінальная справа.
У сувязі з пачатай адміністрацыйнай справай, мытнікі канфіскавалі цыгарэты, а таксама прыстасаваны да кантрабанды прычэп. Малады кіроўца прызнаўся ў нелегальнай перавозцы цыгарэт, яму пагражае вялікі штраф.
Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота bialystok.scelna.gov.pl