Нелегальныя цыгарэты ў прычэпе вялікагрузнай машыны
Кантрабанду выявілі супрацоўнікі польскай падатковай адміністрацыі ў пункце пропуску Кузніца, які мяжуе з беларускім пунктам пропуску Брузгі.
Падрабязнасці паведамляе супрацоўнік прэс-службы падатковай адміністрацыі ў Беластоку Мацей Чарнэцкі:
– Супрацоўнікі Падляшскай КАS з аўтамабільнага пераходу ў Кузніцы выбралі грузавік, якім кіраваў 39-гадовы беларус, для дэталёвага агляду.
Падчас агляду грузавіка, якому папярэднічала рэнтгенаўскае абследаванне, высветлілася, што ў падлозе відавочна пустога прычэпа схавана 8 750 пачкаў беларускіх цыгарэт. Рыначны кошт выяўленай кантрабанды перавышае 122 тысячы злотых.
Цяпер грамадзянін Беларусі, які спрабаваў нелегальна ўвезці вялікую партыю цыгарэт на тэрыторыю Польшчы, знаходзіцца ў чаканні суда. Яму пагражае штраф.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: podlaskie.kas.gov.pl
