Нелегалы з В’етнама затрыманы на беларуска-польскай мяжы



Уначы 10 красавіка гарадзенскія памежнікі пры ўзаемадзеянні з польскімі калегамі затрымалі 4-х невядомых азіяцкай знешнасці без дакументаў паблізу пункта пропуску «Бераставіца», паведамляе  gpk.gov.by.  Правапарушальнікі спрабавалі незаконна перасекчы мяжу з Беларусі ў Польшчу.

Па выніках разбіральніцтва ўстаноўлена, што затрыманыя – грамадзяне В’етнама – падышлі да падрыхтоўкі парушэння мяжы грунтоўна. Замежнікі выкарыстоўвалі хітрасць пры пераходзе кантрольна-следавай паласы: рухаліся спінай наперад, спрабуючы схаваць сапраўдны кірунак руху.

Крыху пазней на аўтазапраўцы паблізу пункта пропуску супрацоўнікі органаў пагранічнай службы спынілі падазроны аўтамабіль з маскоўскімі нумарамі пад кіраваннем 30-гадовага грамадзяніна Грузіі.

У гэты ж час у пункце пропуску «Бераставіца» па падазрэнні ў дачыненні да арганізацыі незаконнай міграцыі быў затрыманы грамадзянін Украіны, які спрабаваў выехаць з Беларусі ў якасці пасажыра аднаго з грузавікоў.

Яны дастаўлены ў Гарадзенскую пагранічную групу для правядзення праверачных мерапрыемстваў.

У дачыненні да грамадзян В’етнама распачаты адміністрацыйны працэс па артыкулах 23.29 (незаконнае перасячэнне граніцы), 23.30 (парушэнне пагранічнага рэжыму), а таксама 23.55 (парушэнне правілаў знаходжання) КаАП Рэспублікі Беларусь.

У дачыненні да грамадзян Грузіі і Украіны распачата крымінальная справа па артыкуле 371-1 КК Рэспублікі Беларусь (арганізацыя незаконнай міграцыі). Ім пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.