Непублічная пачатковая школа ў Залуках адзначыла сваё 15-годдзе
Гэтая адукацыйная пляцоўка паўстала галоўным чынам намаганнямі старшыні таварыства “Залукі над Супрасляй” Ірэна Каранкевіч. У школе на працягу ўсіх 15 гадоў вучні вывучаюць беларускую мову.
Гэта вельмі важна для Залук, і гэта найлепшы спосаб зразумець сваю тоеснасць і захаваць памяць пра сваіх продкаў, кажа Ірэна Каранкевіч:
-А якой мове мы мусім вучыцца? Як наш народ. Мой дзядуля быў беларусам. Бацькі па вайне выехалі на Мазуры і я да сямі гадоў там вучылася па-польску, вядома. Але сюды прыехала і вучылася па-беларуску. І размаўляючы з людзьмі, навучылася. Браты мае тут нарадзіліся і лепш гавораць па-просту, па-нашаму. Я заўсёды гавару так: ці мы будзем „Кракавяка” спяваць ці будзем спяваць нашыя песні, родныя. То нашыя файныя песні, гэта наша зямля і беларускай мове мы вучымся.
Сёлета першы дзень нараджэння школы на чале з новай дырэктаркай Аннай Грэсь. Яна, як і многія настаўнікі гэтай установы, свабодна размаўляе і па-польску, і па-беларуску:
-Я па нацыянальнасці таксама беларуска. Жыхарка гміны Гарадок. І вельмі рада, што тут і я, і іншыя можам гаварыць на беларускай мове. Трэба дадаць, што амаль усе вучні вывучаюць беларускую мову. Гэта вельмі важна, бо мы – на паграніччы. Мы ствараем таксама нашу тоеснасць, нашай меншасці беларускай тут, на Падляшшы. Думаю, што гэта вялікая вартасць. Што можам і на калідоры, і на занятках па беларускай мове, і звонку, навокал школы, можам пагаварыць і пачуць беларускую мову, або нашую гутарку.
Урачыстасць сабрала пад школьным дахам усіх, дзякуючы каму адукацыйная пляцоўка ў Залуках паўстала і існуе, а таксама шматлікіх гасцей устаноў адукацыі, культуры і ўраду, з якімі школа супрацоўнічае.
Беларускае Радыё Рацыя