Неўзабаве кантрабандыстам у Кузніцы будзе яшчэ цяжэй
Сучасны сканер дапаможа выяўляць кантрабанду на чыгуначным пераходзе ў Кузніцы. Гэта павінна павысіць бяспеку на мяжы і дапамагчы ў барацьбе з кантрабандай.
На чыгуначным польска-беларускім памежным пераходзе ў Кузніцы да канца кастрычніка будзе ўсталяваная прылада для сканавання цягнікоў. Гэта першы такога кшталту сканер у Падляшскім ваяводстве, паведаміў падчас прэс-канферэнцыі падляшскі ваявода Багдан Пашкоўскі:
– Мы знаходзімся на пляцы будоўлі, дзе рэалізуецца першы такі праект на тэрыторыі нашага ваяводства, а менавіта сканер для праверкі чыгуначных саставаў. Пераход у Кузніцы з’яўляецца найбольшым дарожным і чыгуначным. З дапамогай гэтага сканера можна будзе дакладна правяраць чыгуначныя саставы.
Кошт праекта складае 18,5 мільёнаў злотых. Усе сродкі паходзяць з польскага бюджэту.
Беларускае Радыё Рацыя