Невядомы спыніў два дзясяткі цягнікоў у Польшчы з дапамогай радыёсігналу
Інцыдэнт здарыўся на чыгунцы ў польскім Заходне-Паморскім ваяводстве. Невядомы перадаў сігнал радыё-стоп, які прывёў да затрымкі больш як 20 пасажырскіх цягнікоў. Грузавы рух быў адноўлены пазней.
“У ноч з пятніцы на суботу ў Заходне-Паморскім ваяводстве адбылася несанкцыянаваная перадача сігналу радыё-стоп. Адпаведныя службы прынялі неадкладныя меры», – гаворыцца ў паведамленні PKP. Сігнал быў распаўсюджаны на перагонах Далешаў-Шчэцін і Хашчона-Шчэцін. Аб інцыдэнце былі апавешчаныя праваахоўныя органы, уключаючы Агенцтва ўнутранай бяспекі. Сігнал радыё-стоп азначае небяспеку на чыгуначным пуці і прыводзіць да аўтаматычнага тармажэння цягніка. Сістэма была распрацавана для прадухілення аварый.
Як піша TVN24, паведамлялася таксама пра тое, што чыгуначнікі, акрамя сігналу, пачулі гімн Расеі, але ў PKP гэтую інфармацыю каментаваць не сталі.