Невядомыя замалявалі польска-беларускія ўказальнікі ў гміне Орля (абноўлена)



Гэта не першы падобны выпадак у Падляшскім ваяводстве. Невядомыя асобы замалявалі два польска-беларускія ўказальнікі ў гміне Орля.

Знішчаны дарожны ўказальнік у гміне Орля. Фота: Міхал Сцепанюк

Быў знішчаны двухмоўны ўказальнік ля расы Орля – Дубічы-Царкоўныя, а таксама знак на ўездзе ў вёску Рудуты. У абодвух выпадках замаляваная была толькі беларускамоўная частка ўказальнікаў.

Як паведаміў войт гміны Пятро Сэльвэсюк, паліцыя ўжо працуе на месцы здарэння, але пакуль войт не гатовы назваць матывы, якімі кіраваліся злачынцы.

– Цяжка сказаць, што гэта: запланаваная акцыя ці бяздумны акт вандалізму. Для гэтага ёсць паліцыя і іншыя службы, куды былі накіраваны афіцыйныя паведамленні. Праўда, пасля кожнага акту вандалізму, якія мелі месца ў Орлі, справа закрывалася з-за таго, што злачынцу не знаходзілі.

Жыхары вёскі Рудуты кажуць, што замаляваныя ўказальнікі заўважылі яшчэ 30 чэрвеня, але паведамілі пра гэта ў паліцыю толькі ў панядзелак, 3 ліпеня.

Гэта не першы падобны акт вандалізму ў гміне Орля. У 2012 годзе нехта замаляваў больш за дзесяць двухмоўных указальнікаў. Нядаўна былі знішчаны ўказальнікі з назвамі вуліцы Чырвонай Арміі ў Орлі. Ні ў адным з узгаданых выпадкаў злачынцы не былі знойдзеныя, а справы былі закрытыя.

Паводле Радыё Беласток