„Ніва” падсумавала вынікі ХХІІІ Конкурсу паэзіі і прозы
9 літаратурных тэкстаў узнагароджаныя па выніках ХХІІІ Конкурса паэзіі і прозы, арганізаванага праграмнай радай тыднёвіка „Ніва”. Такое рашэнне прыняла камісія пасля разгляду 47 літаратурных працаў, якія аўтары даслалі на конкурс. У катэгорыі „Вучні і моладзь” першую ўзнагароду атрымала Каліса Пятроўская з пачатковай школы №4 у Беластоку . У катэгорыі „Дарослыя” першае месца ў катэгорыі „паэзія” журы прысудзіла Дарыюшу Жукоўскаму, у катэгорыі „проза” – Таццяне Фалевіч.
Гаворыць сябра праграмнай рады тыднёвіка „Ніва” , літаратарка і журналістка Міра Лукша:
– Вельмі добра паказала сябе Міхалова. Настаўніца Міхалоўскай школы заахвоціла, а потым перадала гэтыя тэксты да нас у рэдакцыю «Нівы». Тут якраз відаць вынік гэтай працы. Бо другое месца заняла Марта Драздоўская з Міхалова. Трэцяе – Магдалена Рыгарчук з Новай Волі, дэбютантка. Міхалова таксама ў катэгорыі „проза” заняла другое месца – Люба Саковіч.
Літаратурныя творы, дасланыя на конкурс, ацэньвала камісія ў складе Надзеі Артымовіч, Юры Плютовіча і Яна Трацяка. Усе творы, якія былі дасланыя на конкурс, будуць надрукаваныя ў штотыднёвіку Ніва.
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя