Ноч нацыянальных традыцыйных танцаў у Вільні
У межах фестывалю народнай музыкі “Гучыць, гучыць гучна” ў сталіцы Літвы з 27 на 28 траўня прайшла Ноч танцаў. Гэтая імпрэза адбылася ў Музеі энергетыкі і тэхнікі.
Ноч нацыянальнай культуры ўключала традыцыйныя літоўскія танцы і танцы іншых народаў, рамёствы, этнафільмы, песні і сустрэчы літоўцаў і замежных народаў, майстар-класы ды іншае.
Падчас Ночы танцаў майстар-клас па беларускіх танцах правялі і прадстаўнікі гурта “Ойра”. Яны развучылі з прысутнымі танцы “Базар”, “Дзева ў сенях” ды іншыя.
Таксама яскравым і эмацыйным выступам адзначыліся і госці з Грузіі, якія паказалі прысутным свае народныя танцы.
Танцавальная імпрэза пачалася ў 23 гадзіны і доўжылася аж да 5 гадзін раніцы. Вядома, да гэтай пары засталіся толькі самыя стойкія і апантаныя.
Ноч танцаў наведала больш за 200 чалавек, час ішоў незаўважна, бо прысутныя былі ў пастаянным руху і станоўчых эмоцыях і не толькі танчылі знаёмыя танцы, але і вывучалі новыя.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя