Батумі: „Ноч расстралянай паэзіі”



Акцыя-рэквіем „Ноч расстралянай паэзіі” у Батумі, якая адбылася ўвечары 29-га кастрычніка была адной з самых масавых, на якой беларусы выступілі разам з грузінамі.

На мерапрыемства ў парк 6 мая прыйшло больш за сотню ўдзельнікаў, сярод якіх былі як прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Батумі, так і мясцовыя пісьменнікі, паэты і палітыкі.

Пра сваё бачанне гэтай даты кажа адна з арганізатарак, пісьменніца Наталка Харытанюк:

– Я памятаю словы кагосьці, хто выступаў у Курапатах. Гэта былі словы пра тое, што ратуючыся трэба трымаць сэрца жывым. Гэта вельмі важна нам цяпер сярод усяго пекла, якое адбываецца, трымаць сваё сэрца жывым. Гэта значыць ні ў якім выпадку не хавацца, не забыць, не спрасціць сабе жыццё. Абавязкова трымаць гэты агмень, гэты праменьчык, гэты мост з Беларуссю ў сэрцы жывым. Гэта не цяжка, гэта вельмі важна і пасля гэта абавязкова дасць нам сілы аднаўляцца, калі мы вернемся. За мяжой на Дзяды абавязкова трэба ўзгадваць нашых продкаў.

Пад час імпрэзы таксама выступілі грузінскія паэты і пісьменнікі. Грамадскі актывіст і пісьменнік Генры Далідзэ прачытаў верш расстралянага ў 1937 годзе Тыцыяна Табідзэ „Рыа-Рыа”.

Пра імпрэзу кажа Генры Далідзэ:

– Сёння вельмі сумны, але сімвалічны дзень, бо як і Беларусі ў Грузіі многа паэтаў загінула ў часы савецкай улады. Сёння разам адзначылі гэты дзень беларуская дыяспара і мясцовыя пісьменнікі, прыгадалі нашых народных герояў, якія ахвяравалі сваім жыццём.

Мерапрыемства было як бы падзелена на дзве часткі. Першымі выступілі грузінскія творцы, а потым на імправізаваную сцэну выходзілі беларусы і чыталі вершы Чарота, Кляшторнага, Кульбака, Жылкі, Дубоўкі.  

Своеасаблівай прэм’ерай стала выкананне верша палітзняволенага гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына, які літаральна за гадзіну да пачатка імпрэзы быў апублікаваны яго жонкай.

Беларускае Радыё Рацыя