Ноч ваўкоў у Белавежскай пушчы
Трансгранічны фестываль «Ноч ваўкоў» адбудзецца ў Белавежскай пушчы 1-2 лютага 2020 года.
Пра гэта паведамляе грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ). У праграме заяўлены: навукова-папулярныя лекцыі ад людзей, знаёмых з гэтымі драпежнікамі не па чутках, экскурсіі па пушчы па два бакі ад мяжы ў пошуках ваўчыных слядоў ды іншае.
Падрабязней кажа спецыяліст па сувязях з грамадскасцю АПБ Аліна Ляпёшкіна:
– Падчас гэтага мерапрыемства мы як грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» спадзяемся распаўсюдзіць веды пра драпежніка як мага шырэй. Гэта нашая першасная мэта. Воўк, як кажуць, варты, каб пра яго ведалі. Падобнае трансгранічнае мерапрыемства мы арганізоўваем упершыню. «Ноч ваўкоў» – гэта двухдзённы фестываль, і пачнецца ён на беларускім баку пушчы і працягнецца на польскім баку. Да нас 1 лютага таксама прыедуць палякі, і наадварот – 2 лютага мы, беларусы, паедзем на польскі бок.
Заяўкі на ўдзел у мерапрыемстве пакінулі ўжо каля 150-ці чалавек. Падрабязней аб тым, як прыняць удзел у «Ночы ваўкоў» і адшукаць іншую інфармацыю, звязаную з падзеяй, можна на сайце грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».
Беларускае Радыё Рацыя