Беларусь прымяняе новую тактыку на мяжы з Літвой
За мінулыя суткі літоўскія памежнікі не пусцілі ў Літву з Беларусі 70 нелегальных мігрантаў, якія спрабавалі патрапіць у краіну ў недазволеным месцы, паведаміла Служба аховы дзяржмяжы Літвы.
Па гуманітарных прычынах прынялі дваіх мігрантаў, паведаміў кіраўнік САДГ Рустам Любаеў.
„Мы заўважылі, што змянілася тактыка – беларускія сілавікі запіхваюць у Літву невялікія групкі мігрантаў – па 3-5 чалавек, гэта ўскладняе працэс пошуку гэтых груп, іх фіксавання і затрымання. Аднак гэтых людзей затрымліваюць”, – сказаў LRT у панядзелак раніцай Любаеў.
Паводле яго слоў, як і да гэтага, больш за ўсё парушэнняў фіксавалася ў Варэнскім раёне. З пачатку жніўня, калі памежнікі атрымалі права не ўпускаць замежнікаў, якія пераходзяць мяжу з Беларуссю ў забароненых месцах, у Літву не ўпусцілі каля 7250 чалавек.
Фота: © Scanpix / Reuters