З беларускага боку мяжы ствараецца вялікі лагер для мігрантаў (абноўлена)



Беларускія вайскоўцы спрабавалі сілай выпхнуць групу з некалькіх дзясяткаў імігрантаў на польскі бок мяжы. Як паведамляе паліцыя з Падляшша, здарэнне адбылося ўвечары ў чацвер у раёне Кузьніцы. Пра гэта паведаміла сёння прэс-сакратар Падляшскага аддзялення памежнай службы маёр Кацярына Здановіч. Беларускія вайскоўцы накіроўвалі ў бок палякаў лазерныя прамяні, гэта магла быць спроба асляпіць польскіх памежнікаў:

– Беларускія службы выкарыстоўваюць лазер, накіроўваючы яго на нашых вайскоўцаў. Гэта відавочная правакацыя. Мы не ведаем, якая магутнасць гэтага лазера і ці выклікае ён пашкоджанне вачэй.

Перамяшчэнне мігрантаў па-ранейшаму знаходзіцца пад строгім кантролем беларусаў. Звяртае ўвагу рост колькасці беларускіх службаў у рэгіёне Кузьніцы, піша Міністэрства нацыянальнай абароны ў Twitter.

* * *

Міністэрства абароны Вялікабрытаніі паведаміла, што ў Польшчу накіравана «невялікая каманда» вайскоўцаў «для вырашэння цяперашняй сітуацыі на беларускай мяжы».

* * *

Жаўнеры Войска Польскага да гэтага часу пабудавалі больш за 180 км часовай агароджы, што дзейсна перашкаджае спробам незаконнага перасячэння мяжы, паведамляе Ministerstwo Obrony Narodowej.

* * *

Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы 12 лістапада размясціла ў Twitter відэа таго, што сёння адбываецца на беларуска-польскай мяжы. На ім відаць, як на самазвале мігрантам падвозяць зрубленыя дрэвы. Па перыметры мяжы стаяць намёты, а таксама буданы, зробленыя з галін хваёвых дрэў. “З беларускага боку ідзе падрыхтоўка да стварэння вялікага лагера для мігрантаў на мяжы з Польшчай. Беларускія службы дастаўляюць неабходныя матэрыялы”, — гаворыцца ў паведамленні МУС Польшчы.

Сітуацыя на мяжы Беларусі і Польшчы ўскладнілася ў панядзелак, 8 лістапада, калі да польскай мяжы з беларускага боку прыйшлі тысячы мігрантаў. Урад Польшчы заявіў, што прыводзіць свае войскі ў поўную баявую гатоўнасць. 9 лістапада Польшча закрыла памежны пераход “Кузніца”.

* * *

Дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ (ЕРБ СААЗ) Ханс Клюге заклікаў у пятніцу да абароны мігрантаў, якія знаходзяцца на мяжы Беларусі і ЕЗ. 60% бежанцаў у гэтым раёне маюць патрэбу ў той ці іншай форме медыцынскай дапамогі, паведамляецца ў прэс-рэлізе арганізацыі.

«З гэтымі бежанцамі і мігрантамі трэба абыходзіцца з годнасцю і павагай, у адпаведнасці з міжнародным правам. Гэта ўключае права на здароўе, – адзначыў ён. – Адчайныя сцэны патрабуюць тэрміновага канструктыўнага дыялогу і дзеянняў, і СААЗ адданая абароне права на здароўе для ўсіх, па-за палітыкай».

Фота: REUTERS

* * *

Днём у пятніцу, 12 лістапада, у лагер мігрантаў каля польскай мяжы побач з пагранпераходам Брузгі — Кузніца прыйшла новая група мігрантаў. У чатах з’явілася відэа, як іх сустракалі.

Магчыма, гэта тыя ж людзі, што спрабавалі 12 лістапада прарвацца на польскую тэрыторыю на польскім пагранпераходзе „Кузня Беластоцкая”.

На запісе відаць, што мігранты ішлі да лагера непасрэдна ўздоўж памежнай агароджы. У групе ў асноўным мужчыны, але ёсць жанчыны і дзеці. Яны ідуць з рэчамі, намётамі, спальнікамі і г.д., іх радасна сустракаюць змешчаныя ў лагеры. Колькі чалавек прыбыла ў лагер, сказаць складана, але за дзве хвіліны на відэа прайшло каля 150 чалавек, а гэта была толькі частка гэтай групы.

Папаўненне лагера пацвердзіў і Дзяржпагранкамітэт.

„Каля 11 гадзін 12 лістапада было зафіксавана перамяшчэнне шматлікай групы бежанцаў уздоўж дзяржаўнай мяжы да стыхійнага лагера на мяжы”, – паведамілі там.

Таксама прэс-служба ДПК апублікавала відэа, як у пятніцу раніцай выглядае лагер каля Брузгоў. Відаць, што мігранты пачалі масава будаваць буданы са ствалоў і галінак дрэў, накрываючы іх ігліцай.

reform.by