Новы навучальны год пасля школьнай рэформы
У Польшчы набліжаецца новы навучальны год. Ужо з 4-га верасня вучобу пачнуць вучні пачатковых школ, двух апошніх класаў гімназій ды ліцэісты. Працягваецца таксама час падрыхтоўкі школьных устаноў да новага перыяду, у якім будзе адбывацца школьная адукацыя. Мы заглянулі ў комплекс школ у Кляшчэлях, дзе і бацькі па жаданні пасылаюць дзяцей на дадатковае навучанне беларускай мове. «Школа поўнасцю падрыхтаваная да новага навучальнага года. Вучобу ў нас з першага класа пачатковай школы пачне 12 вучняў, агулам ва ўсіх класах будзе іх 125: 97 – у пачатковай школе ды 28 – у двух класах гімназіі», кажа дырэктар комплексу школ у Кляшчэлях Славамір Трашчотка:
– 34 вучні будуць вывучаць беларускую мову ў пачатковай школе, 9 – у класах гімназіі. Павялічылася колькасць вучняў, так ужо другі год запар. Раней менш асобаў вывучала беларускую мову.
З 1-га верасня ў Польшчы пачнецца рэформа адукацыі, на аснове якой будуць ліквідаваны гімназіі ды будзе ўведзена сістэма 8-гадовай пачатковай школы. «Такі быў прыняты закон, а мы як навучальная ўстанова мусім проста яго выконваць», – лічыць Славамір Трашчотка:
– У першым, чацвёртым і сёмым класах ёсць новая праграмная падстава. Задача настаўніка і дырэктара – рэалізаваць новую праграмную падставу. Ёсць шмат праблем з дакументамі, нумарамі NIP i REGON , падатковай, сацыяльным фондам. Наша бухгалтарка мае шмат працы.
Па словах Славаміра Трашчоткі, у планах школы ёсць супраца са школай у Дзмітровічах, што на Берасцейшчыне.
Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя