Новы старшыня Рады Бельска – пра асноўныя задачы
„Гэта вялікая адказнасць – як перад дэпутатамі, якія мяне абралі, так і перад усімі жыхарамі Бельска Падляшскага,” – кажа новаабраны старшыня Рады горада Ігар Лукашук. Ён вядомы, сярод іншага, як шматгадовы арганізатар фестывалю „Бардаўская восень”, быў таксама дэпутатам папярэдняга склікання.
Ігар Лукашук падзяліўся з намі асноўнымі задачамі, якія стаяць перад Радай горада:
– Тут ёсць шэраг большых, агульнагарадскіх задач. Самым такім вялікім, я лічу, з’яўляецца рамонт ці перабудова Бельскага дома культуры, а таксама гарадскі парк, які патрабуе сродкаў на яго паступовую перабудову, каб ён выконваў сваю функцыю, быў даступны ўсім, каб ён быў бяспечны. Інфраструктура – дарогі, якіх яшчэ даволі многа засталося пабудаваць, а таксама тыя, якія вымагаюць бягучага рамонту.
„Асноўнай цяжкасцю ў рэалізацыі гэтых планаў з’яўляецца складаная фінансавая сітуацыя горада, таму кожнае рашэнне трэба дакладна прадумаць”, – дадае старшыня Рады горада ў Бельску Падляшскім.
Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя