„Няма паўзы”



Нават у бамбасховішчы можна пісаць карціны, нават на вуліцах разбураных гарадоў можна здымаць кіно, нават на фронце, у акопе, можна складаць вершы. То бок вайна не паставіла жыццё ўкраінцаў на паўзу, яна проста змяніла яе фармат. А яшчэ вайна змяніла гукі, дакладней – стаўленне да іх. Шмат іншых, перш незнаёмых, тых, ад якіх мароз па скуры і дрыготка ў целе. Гэтыя гукі зліваюцца з іншымі – звыклымі, але душаць іх, дамінуюць.

Як зараз гучыць Украіна: адносна спакойны Львоў і напаўразбураны Чарнігаў, калісьці жыццярадасная і крыху легкадумная Адэса і нязломны Кіеў? Каманда ўкраінскіх тэлевізіёншчыкаў на чале з кампазітарам Яўгенам Філатавым яшчэ да вайны стварыла праект-экскурсію па ўкраінскіх гарадах. Як правіла, усе ўспрымаюць свет вачамі, але аўтары вырашылі звярнуць увагу гледача на гукі. Пачалі ў 2021 годзе з Харкава – яркага і шумнага мегаполіса.

Мірнага. Калі ўмяшалася вайна, праект спыніўся. Потым было прынятае рашэнне вярнуцца да здымак, каб паказаць, як гучыць Украіна зараз, як змяніліся гукі. На шум дажджу, брэх сабакі, звон накладвалася жудаснае выццё паветранай трывогі. Гэта адзіны новы гук, які аўтары вырашылі выкарыстоўваць падчас здымкаў. Аб’яднаць нечаканыя гукі і аформіць у трэк – выклік для кампазітара: бо загадзя яму не было вядома, што ён пачуе. Напрыклад, у чарнігаўскім парку Філатаў вырашыў пакатацца на скейтбордзе і ўпаў, а гук падзення потым выкарыстоўваў у музычнай тэме.

Ваенная Адэса аказалася скупой на гукі: знакамітая Дзерыбасаўская амаль пустая, марскі порт зачынены, і замест гудзення маяка ў густы туман – сірэна. А гук кіеўскага метро, якое стала сховішчам для тысяч людзей падчас бамбаванняў, сімвалічны для кожнага кіяўляніна. Як кажуць аўтары праекту, кожны горад мае сваю палітру гукаў, і яны наўмысна не ўключалі ў яе гукі выбухаў і плачу. Няхай свет чуе, што зараз Украіна гучыць сілай духу, адвагай, свабодай і творчасцю. Бо для яе таксама няма паўзы.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя