Orlen будзе перавозіць нафтапрадукты з Літвы ва Украіну праз Польшчу
Буйная польская нафтаперапрацоўчая кампанія Orlen, якая мае свой НПЗ у Літве, будзе перавозіць нафтапрадукты з яго ва Украіну праз Польшчу. Прычына такога рашэння – ўведзеная беларускімі ўладамі забарона транзіту.
Для «дыверсіфікацыі лагістычных магчымасцяў» і «забеспячэння стабільнасці паставак кліентам» Orlen раней купіў 100% акцый літоўскай кампаніі Mockavos Terminalas, што дае кантроль над адзіным чыгуначным перагрузачным тэрміналам на польска-літоўскай мяжы ў Моцкаве.
«Цяперашняя сітуацыя за нашай усходняй мяжой паказвае, што пры прыняцці дзелавых рашэнняў трэба таксама ўлічваць бяспеку ўсяго рэгіёна. Пастаўкі паліва на Украіну забяспечаныя», — запэўніў прэзідэнт Orlen Даніэль Абайтэк.
Летась Orlen паставіла ва Украіну 1 мільён тон нафтапрадуктаў. І рашэнне ўладаў Беларусі аб забароне транзіту з Літвы на планы на 2022 год ніяк не паўплывае, запэўнівае кампанія.
Улады Беларусі ўводзяць з 7 лютага забарону на транзіт па чыгунцы некаторых тавараў з Літвы (нафтапрадуктаў, хімічных і мінеральных угнаенняў), пагружаных на літоўскіх станцыях, як адказ на спыненне транзіту беларускіх калійных угнаенняў.