Орля: «Шматкультурнасць у маіх вачах»
Сляды прысутнасці колішніх жыхароў даследавалі ў Орлі. Рэалізаваны тут праект «Шматкультурнасць у маіх вачах», засяроджаны ў асноўным на габрэйскай грамадскасці, якая 75 гадоў таму была прымушана выехаць з Орлі. Прымалі ў ім удзел вучні і настаўнікі з мясцовай Пачатковай школы ды Гмінны асяродак культуры ў Орлі. Адным з вынікаў рэалізацыі праекта стаў адмысловы фільм, які паказвае легенду аб тым, як у мясцовасці будавалася сінагога. «Варта было арганізаваць свой вольны час і такім чынам даведацца гісторыю месца, у якім жыву», – лічыць Дамыян Дзмітрук, вучань Пачатковай школы ў Орлі:
– Трэба было рабіць з лега розныя будынкі, патрэбныя для гэтага праекта. Таксама я дапамагаў рабіць здымкі. Гэта асноўная частка ўсяго праекта.
Пётр Оса і Мікалай Несцярук:
– Вельмі добрыя кампутарныя праграмы, дзе можна было мантаваць фільмы са здымкаў. Мы рабілі гэта два месяцы. Пайшло каля 1200 здымкаў.
– Калісьці людзі спрычыніліся да забудовы Орлі. Але пра іх забыліся.
У фільме ўзгадваецца таксама пра даўнюю кальвінскую грамадскасць мясцовасці. Фільм, які паўстаў у межах праекту «Шматкультурнасць у маіх вачах», можна будзе паглядзець між іншым на фейсбукавым сайце Гміннага асяродка культуры ў Орлі, у мясцовай школе працуе таксама адмысловая выстава здымкаў. Праект рэалізавалі са сродкаў Нацыянальнага цэнтра культуры ў рамках праграмы «Вельмі маладая культура 2016-2018».
Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя