Па гуманітарных візах у Польшчу з’ехалі 1050 беларусаў



Пасля прэідэнцкіх выбараў у Беларусі і пачатку масавых пратэстаў палітычнае прыстанішча ў Польшчы атрымалі больш за тысячу грамадзян Беларусі. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Варшаве заявіў віцэ-міністр унутраных справаў Польшчы Барташ Градзецкі, паведамляе Польскае радыё.

Па дадзеных ведамства, у перыяд з 18 жніўня па 12 лістапада 2020 году ў краіну па гуманітарных візах уехалі 1050 беларусаў. Гуманітарныя візы выдаюцца Памежнай службай паводле правілаў аказання міжнароднай абароны або ў адмысловых выпадках. Яшчэ 330 чалавек прыбылі ў Польшчу ў рамках адмысловай праграмы падтрымкі беларускіх спецыялістаў у галіне высокіх тэхналогій пад назвай «Poland. Business Harbour». Паводле неафіцыйных дадзеных, па турыстычных візах прыбылі ў Польшчу дзясяткі тысяч беларускіх грамадзян.