Па суботах у школе № 395 Варшавы беларускія дзеці вучаць беларускую мову



Незалежна ад узроўня ведання мовы можна туды адправіць дзіця на навучанне. У Варшаве ўжо два гады ў адной з пачатковых школаў раёна Прага праводзіцца навучанне беларускай мовы. Заняткі арганізаваныя ў публічнай школе і цалкам бясплатныя.

Урокі праходзяць па суботах, і не трэба быць вучням гэтай школы, каб у іх удзельнічаць.

„Навучанне міжшкольнае”, – кажа Уладзь Міхневіч, старшыня бацькоўскай рады міжшкольнага навучання беларускай мовы ў Варшаве.

– Я цудоўна ведаю, што ў Варшаве і ваколіцы жыве вельмі шмат беларусаў. І таму запрашаю ўсіх скантактавацца. Навучальны працэс датычыць грамадзянаў Польшчы, якія належаць да нацыянальнай меншасці. Бацькі не абавязкова павінны мець грамадзянства, галоўнае, каб грамадзянства мелі дзеці, і тады яны могуць да нас далучыцца.

Заняткі па беларускай мове ў Варшаве праводзяцца ў дашкольнай групе і пачатковай школе. Урокі дапасаваныя да ўзроўня ведання мовы, а форма заняткаў вельмі свабодная, – кажа маці аднаго з вучняў Аліна Коўшык.

– Гэта вынікае з таго, што трэба дапасоўвацца да таго, што гэта субота, што гэта дадатковыя заняткі. А чытанне і пісанне ў суботу з раніцы нікога не бавіць, трэба шчыра сказаць. Таму наш настаўнік стараецца дапасавацца, неяк гэтых дзяцей зацікавіць, як толькі можа. І дазваляе на розныя вольнасці, але я лічу, што гэта добра.

Гэта афіцыйныя заняткі, зацверджаныя Міністэрствам адукацыі Польшчы, а адзнака з беларускай мовы ўключаецца ў атэстат. Жадаючыя накіраваць дзіця на навучанне беларускай мовы ў пачатковай школе № 395 у Варшавае могуць звяртацца праз фэйсбук на профіль „Беларуская школка ў Варшаве”.

Радаслаў Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя