Па вёсках Збуч і Чыжы на Падляшшы вадзілі на Тройцу «куста»
Старажытны абрад „Ваджэння куста” аднавілі на Падляшшы. У гэтым годзе на свята Тройцы «куста» вадзілі па вёсках Збуч і Чыжы, што на Гайнаўшчыне.
Гэты абрад, які знік у рэгіёне яшчэ ў пазамінулым стагоддзі, у нашыя дні адраджае Дарафей Фіёнік з Музея малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах.
– Усе добрыя традыцыі трэба ажыўляць. А адна з такіх добрых традыцый – „Ваджэнне куста”. Наогул тут маем на Падляшшы той перыяд вясны вельмі багаты традыцый. І гэты перыяд вясны заканчвае нам свята Тройцы. Той абрад „куста”, які быў на Падляшшы раней, але быў забыты ўжо даўно. Варта яго, як паказвае практыка, аднаўляць. Таму што мы ўпэўненыя ў тым, што тут, на Падляшшы, той абрад быў, бо на Палессі беларускім захаваўся да сёння.
У сваю чаргу войт гміны Чыжы Юрка Васілюк, дзе ў гэтым годзе вадзілі «куста», адзначае, што вельмі важна на Падляшшы не толькі не забываць старыя традыцыі продкаў, але і аднаўляць іх і культываваць, асабліва сярод маладых людзей.
– Я заўжды дапамагаю і заўжды пад уражаннем ад тых, хто ўмее і хочуа вяртацца да нашых звычаяў і традыцый. І калі атрымліваецца, то пабачыць, так як мы маглі падзівіцца на „Жэмерву” і „Асочнікі”. Гэта ёсць добра і служыць нам усім. Тым, хто клапоціцца, каб іх малыя Бацькаўшчыны развіваліся ва ўмовах, калі будзем памятаць аб гісторыі, аб тым як жылі нашыя бацькі і дзяды.
Абрад „Ваджэння куста” на свята Тройцы Дарафей Фіёнік разам са сваімі фальклорнымі калектывамі пачаў адраджаць на Падляшшы яшчэ дваццаць гадоў таму.
Цалкам матэрыял у далучаным файле:
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя