Пабачыў свет шосты нумар “Беларускага настаўніка”
“Беларускі настаўнік”. Ужо шосты па ліку нумар метадычнага часопіса пабачыў свет перад самым новым годам. Гэты дапаможнік для настаўнікаў беларускай мовы на Падляшшы выдае аб’яднанне бацькоў, дзеці якіх вывучаюць беларускую мову, «АБ–БА».
Кажа настаўніца з пачатковай школы №4 у Беластоку Аліна Ваўранюк:
– Увогуле, ідэя ўзнікла ў час працы над стратэгіяй развіцця беларускай адукацыі ў Польшчы, адукацыі беларускай меншасці ў Польшчы. Калі мы сустракаліся тут, у школе, у такой невялікай працоўнай групе паміж афіцыйнымі сустрэчамі, доўга гаварылі пра тое, што нам патрэбна, чаго не хапае. І вырашылі, што возьмемся за працу над гэтым «Беларускім настаўнікам».
Часопіс “Беларускі настаўнік” выходзіць два разы ў год. У шостым нумары змешчаны матэрыялы, якія паказваюць добрыя настаўніцкія адукацыйныя практыкі – працягвае Аліна Ваўранюк. Таксама да нумара далучаны дыск з песнямі:
– У свой час, калі пачулі пра кніжку “Нататкі таткі” Андрэя Хадановіча, вырашылі запрасіць яго на сустрэчу дыскусійнага клуба «АБ-БЫ». Ён прыехаў, прывёз гэтыя “Нататкі таткі”. Мы былі ў такім захапленні ад гэтых вершаў, што звярнуліся, як заўсёды, да Ані Бабік – яна наш такі кампазітар. Яна сама выбрала вершы, якія ёй падыходзілі, і склала музыку.
І ў выніку аб’яднанне «АБ–БА» выдала дыск з песнямі на вершы Андрэя Хадановіча з кнігі “Нататкі таткі”. Музыка аўтарства Ганны Бабік. Дыск далучаны да шостага нумара метадычнага часопіса “Беларускі настаўнік”.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя