Пачалася Міжнародная навуковая канферэнцыя «Шлях да ўзаемнасці»



22 верасня пачынаецца ХХІІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя «Шлях да ўзаемнасці», падчас якой удзельнікі зачытаюць дзясяткі навуковых лекцый у розных секцыях: мовазнаўства, гісторыя, культура.

Адзін з арганізатараў канферэнцыі – мовазнаўца Беластоцкага ўніверсітэта, намеснік старшыні Беларускага грамадска-культуранага таварыства ў Польшчы Васіль Сегень, які быў госцем у нашай студыі.

РР: Калі дазволіце. Пачну з невялікай прэтэнзіі. Пра гэтую канферэнцыю не было інфармацыі або яе было вельмі мала. Можа, канферэнцыя закрытая?

Васіль Сегень: Не. Яна дзейнічае, яна жыве. Навукоўцы з двух бакоў мяжы 23-ці раз будуць сустракацца, каб абмеркаваць актуальныя пытанні нашага беларуска-польскага памежжа.

Што тычыцца самой інфармацыі, то насамрэч можна было болей яе пускаць у розныя СМІ, каб людзі ведалі. Але, з другога боку, у канферэнцыі вельмі багатая традыцыя. Многія, хто ўжо ўдзельнічаў, ведаюць, што яна праходзіць і існуе ў навуковай канферэнцыйнай прасторы не толькі Польшчы і Беларусі, але і многіх іншых краін. Хоць бы з прычыны матэрыялаў, якія выходзяць ужо не першы год і рассылаюцца ў бібліятэкі і розныя навуковыя асяродкі ўсяго свету.

РР: Сапраўды, тэмы, удзельнікі, навуковыя асяроддзі, прадстаўленыя на гэтай канферэнцыі, выглядаюць імпазантна. Мы прызвычаіліся, што традыцыйна тут Беласток і Гародня, супраца гэтых блізкіх гарадоў развівалася і развіваецца. Але тут таксама прадстаўнік такіх цэнтраў, як Люблін, Кельцы, прыедуць прадстаўнікі з усіх ці прынамсі большасці ўніверсітэтаў Беларусі.

Васіль Сегень: Так. Канферэнцыя не толькі жыве, яна і развіваецца. Гэта асабліва бачна па беларускім баку. Была ідэя, каб Беларускае грамадска-культуранае таварыства разам з Саюзам палякаў у Беларусі арганізавалі канферэнцыю, уключыліся ў гэта Гарадзенскі і Беластоцкі ўніверсітэты. Спачатку гэта былі сустрэчы прадстаўнікоў гэтых навучальных устаноў. Магчыма, яшчэ некалькі грамадскіх дзеячаў далучалася да яе. А цяпер бачна, што многія беларускія, асабліва навуковыя цэнтры, самыя вядомыя дзяржаўныя ўніверсітэты, пачынаючы з гарадзенскага, шмат гасцей з віцебскага, а таксама прадстаўнікі перадусім Нацыянальнай акадэміі навук з Менска ў вялікай колькасці прыязджаюць да нас на канферэнцыю. Так што кола ўдзельнікаў пашыраецца, і гэта вельмі добра, бо тэматыка вельмі цікавая і важная для нас, для тых, хто жыве на Беласточчыне, каб асвятляць, агучваць тыя праблемы, якія датычаць вось гэтай памежнай тэрыторыі.

РР: З аднаго боку, тут даволі шырокія тэмы. Напрыклад, «Адлюстраванне беларуска-польскіх моўных кантактаў у беларускай тапаніміі». А з другога боку, ёсць і вельмі спецыялістычныя. Напрыклад, «Адрэальныя сыходжанні беларуска-польскай кантактнай зоны з вопыту аналізу ізаглосы ’свіронак/świeronek’». На што вы разлічваеце? Якія спадзевы ўскладаеце хоць бы ў сваёй галіне мовазнаўства?

Васіль Сегень: Праўда, у апошні час я крыху адышоў ад навуковай дзейнасці, але моўныя праблемы і мова ўвогуле на тэрыторыі Беласточчыны ці гаворка, мая родная мова, для мяне застануцца вельмі важнымі. І з пункту гледжання мовазнаўчага, канешне, вельмі важныя агульныя тэмы, якія больш датычаць і накіраваныя на менш спецыялізаванага чытача, слухача. Але яны вынікаюць менавіта з тых дэталёвых даследаванняў.

Тэрыторыя, на якой мы жывём, вельмі выключная, багатая, разнародная. І нам наканавана жыць у гэтым месцы. Але таксама гэта вялікае шчасце, бо тут сутыкаюцца розныя стыхіі – моўныя, культурныя, цывілізацыйныя нават. А такое сутыкненне дае вельмі добрыя, вельмі цікавыя эфекты, якія для даследчыка ёсць раем на зямлі.

РР: Таксама такія месцы спараджаюць выдатных мастакоў, літаратараў. І тут таксама будуць працаваць секцыі не толькі мовазнаўчая, але і літаратуразнаўчая, гістарычныя, культурная. І вось у культурнай секцыі прагучыць, між іншым, такая тэма: «Рускі свет за заслонай стэрэатыпаў». Ці такія канферэнцыі спрычыняюцца да таго, што тых стэрэатыпаў, у якіх мы жывём ці якія жывуць разам з намі, а часта яны якраз адмоўныя, становіцца менш? Ці гэта адна з задач канферэнцыі?

Васіль Сегень: Ці менш – тут цяжка сказаць. Але напэўна гэта вельмі важнае месца, каб гэтыя стэрэатыпы пераадольваць, каб іх раскрываць, паказваць механізмы, рабіць крокі наперад, каб пазбаўляцца іх. І навукоўцы тут, я думаю, ёсць тым колам людзей, якія не зважаюць на палітычную кан’юнктуру. Палітыкі даволі часта падаграваюць сітуацыю, выкарыстоўваюць стэрэатыпы для сваіх розных мэтаў. А навука і навукоўцы – аб’ектыўныя. Таму яны аб’ектыўна асвятляюць розныя праблемы, у тым ліку і стэрэатыпы, якіх шмат, і часцей за ўсё яны непраўдзівыя, таму іх трэба пераадольваць, каб кантакты між рознымі нацыямі, якія тут пражываюць, але і ўвогуле ў глабальным кантэксце, былі лепшымі, абапіраліся не на стэрэатыпы, а на рэальнае бачанне адзін аднаго.

РР: Калі людзі захочуць пазнаёміцца з вынікамі гэтай канферэнцыі, ці па прыкладзе мінулых гадоў будзе выніковая публікацыя? Бо ведаю, што пасля ранейшых канферэнцый з гэтага цыклу былі такія публікацыі.

Васіль Сегень: Так. І ў гэтым годзе, я думаю, не будзе інакш. Ёсць планы, каб выдаць матэрыялы. Тут варта і хацелася б згадаць прозвішча прафесара Міхала Кандрацюка, які пачаў гэты працэс – друкаванне матэрыялаў канферэнцыі. Раней яны адбываліся, але матэрыялы разыходзіліся па іншых выданнях ці ўвогуле не бачылі свету. Таму ў гэтым годзе падрыхтуем матэрыялы канферэнцыі і надрукуем. І я спадзяюся, што яны выйдуць яшчэ да канца гэтага года.

ХХІІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя «Шлях да ўзаемнасці» будзе праходзіць цягам двух дзён – 22-23 верасня.

Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя