Пачаліся Дні культуры крэсаў у Беластоку



Велікодныя вербачкі, упрыгожаныя фарбай і саломкай яйкі ды вырабы са скуры – гэтыя ды іншыя вырабы можна набыць падчас кірмаша Казюкі ў Беластоку. Апрача вырабаў народных майстроў купіць можна таксама каўбасы, арыгінальныя сыры, літоўскі хлеб ды квас. Гандляры ды рамеснікі з Беларусі, Літвы ды Польшчы прапануюць свае вырабы на плошчы перад драматычным тэатрам.

– Возім традыцыйныя вербачкі, якія характэрныя для розных рэгіёнаў Гарадзеншчыны.

– Выйшаў на спацыр, каб прайсціся і паглядзець, што тут адбываецца.

– Карціны, разьба па дрэве, кошыкі і так далей. Вельмі шмат цікавага.

Казюкі – гэта традыцыйны кірмаш, які адбываецца цягам чатырох стагоддзяў у Вільні. Гэты кірмаш праходзіць падчас Дзён культуры крэсаў, якія праходзяць у Беластоку. Кірмаш ладзіцца на плошчы перад драмтэатрам з 8 да 16 гадзіны.

* * * 

Мерапрыемства, якое адбываецца ўжо дзевятнаццаты раз, афіцыйна адкрыў у Беластоцкай філармоніі канцэрт фальклорных гуртоў з Беларусі.

Выступілі калектывы “Вярба” з Менска і “Гарэза” з Віцебска. У межах фестывалю сёння адбудзецца таксама традыцыйны казюковы кірмаш на плошчы перад драмтэатрам. Як кажа арганізатар Рафал Церняк з Таварыства сяброў Гародні і Вільні, беластачане пакахалі атмасферу гэтага кірмаша:

– Тут прадаюць рознага роду аздабленне да Вялікадня. Калісьці вельмі шмат прадавалася сельскагаспадарчых тавараў.

Пачатак кірмаша Казюкі а 8-й гадзіне на плошчы імя Юзэфа Пілсудскага перад драмтэатрам.

У чарговыя дні фестывалю пройдуць гістарычныя даклады, сустрэчы з палякамі, якія пражываюць на Усходзе, і прэзентацыі кніжак. Дні культуры крэсаў завершыць дзень імянін маршалка Юзэфа Пілсудскага 19 сакавіка. 

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток