Пачаліся конкурсныя праслухоўванні «Гайнаўскіх дзён царкоўнай музыкі»
Восем хораў і два калектывы з Польшчы, Беларусі і Украіны запрэзентавалі духоўны рэпертуар у саборы Святой Тройцы ў Гайнаўцы, у час першага дня конкурсных праслухоўванняў 37-га Міжнароднага фестывалю “Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі”. Сярод іх былі хор Сынкавіцкай царквы ў гонар Міхаіла Архангела Aksios ды дзіцячы хор Менскага духоўнага вучылішча “Журавінка”. “Нялёгка было дабраць адпаведныя творы,” – прызнаецца дырыжор хору “Журавінка” Людміла Куцелай:
— Дзеці таго ўзросту, што прадстаўлены ў мяне, гэта, у асноўным дзеці малодшай школы, яны цяжка спяваюць шматгалоссе. Тут ёсць адпаведная спецыфіка, дзіця мае быць падрыхтаванае. Мы пачынаем навучанне з аднагалосных песень. Яны выдатна ўспрымаюць знаменны распеў, спрабуем балгарскі распеў. У нашай праграме прадстаўлены два беларускія кампазітары: Людміла Шлег і Святлана Савельева.
Сёння – другі конкурсны дзень. У гайнаўскім саборы выступяць 9 хораў. Пачатак ў 16:00.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя