Пачаліся “Шпацыры па Гайнаўцы”
“Зялёная Гайнаўка” – гэта назва першага з пяці тэматычных шпацыраў па горадзе – браме ў Белавежскую пушчу.
Каля сарака ўдзельнікаў прайшлі шляхам цікавых кропак на зялёнай карце горада – перш за ўсё – помнікаў прыроды. “Мы таксама ўспаміналі, як Гайнаўка выглядала гэтак 50-60 гадоў таму, колькі тут было зеляніны,” – паясняе гід Эва Мороз-Кэчынская з аб’яднання “Metamorphosis”:
– Маем шмат памятных дубоў. Бо ўсе помнікі прыроды ў нас – гэта дубы. Іх амаль 50. У 50-60-х гадах у Гайнаўцы быў нават садоўнік, які дбаў пра дрэвы і кветкі. І тады Гайнаўка была адным з трох самых прыгожых гарадоў гэтага рэгіёну Польшчы.
Праект “Шпацыры па Гайнаўцы” – гэта супольная ідэя пяці пазаўрадавых арганізацыяў. Сярод іх і “Шчыты” – Звяз у карысць адукацыі і прамоцыі беларускай культуры. Чарговы шпацыр пройдзе 23 жніўня, а 13 верасня тэмай будуць “Беларускія сляды ў Гайнаўцы”.
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя