Пачатак навучальнага года ў бельскай „Тройцы”
Пачатковая школа № 3 з дадатковым навучаннем беларускай мовы імя Яраслава Кастыцэвіча ў Бельску-Падляшскім пачынае новы школьны год з новым дырэктарам.
Абраны на гэтую пасаду Пётр Ніколаюк-Стасюк – выпускнік гэтай школы і шмат гадоў працаваў у ёй як настаўнік, кажа пра яго бібліятэкарка Ганна Фіёнік:
– Працуе тут ужо шмат гадоў. Важна, каб быў хтосьці, хто добра ведае школу. Прыемна, што дырэктар прывітаў усіх на беларукай мове. Сказаў, што хоча, каб беларуская мова і культура былі падтрыманыя. Большасць бацкоў хочуць, каб дзеці гэтую культуру пазнавалі. У нас высокі ровень навучання, і бацькі хочуць, каб дзеці тут вучыліся.
На думку новага дырэктара, вельмі важна працягваць і развіваць далей тое, што было напрацаванае ў школе за больш як 60 гадоў існавання.
Кажа Пётр Ніколаюк-Стасюк:
– Я хачу ўтрымаць асаблівы характар нашай школы, беларускасць і рэгіянальныя традыцыі. І буду развіваць міжнароднае супрацоўніцтва са школамі з Беларусі. Хачу таксама падтрымаць высокі ровень навучання, маю на ўвазе ўдзел у розных прадметных, спартыўных і мастацкіх конкурсах.
Бельская „Тройка” (пачатковая школа № 3) – самая буйная па колькасці вучняў. У ёй вучыцца 615 дзяцей ад першага да восьмага класа. Усе яны вывучаюць беларускую мову.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя