Пачаў дзейнічаць аднабаковы бязвізавы рэжым у Белавежскай пушчы



Ад 12 чэрвеня пачаў дзейнічаць аднабаковы бязвізавы рэжым у Белавежскай пушчы. Грамадзяне Еўразвязу, у тым ліку Польшчы, могуць наведаць беларускую частку пушчы і знаходзіцца там не больш за 3 дні, папярэдне атрымаўшы дазвол і выкупіўшы квіткі найменш на дзве турыстычныя прапановы.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

У той жа час жыхары памежных тэрыторый з беларускага боку таксама даўно чакаюць магчымасці бязвізавага перамяшчэння. Аднак, паводле старшыні Беларускага Дома ў Варшаве Алеся Зарэмбюка, многія людзі ўжо сумняюцца, што малы памежны рух запрацуе:

Бо людзі кажуць, што ад нас нічога не залежыць. Хаця былі і такія галасы, калі людзі казалі, а што нам з гэтым рабіць. Мы адказваем, што, калі ласка, напішыце ліст свайму дэпутату, напішыце ліст у райвыканкам, што малы памежны рух – гэта вельмі важная ініцыятыва, або пацікаўцеся, на якім этапе рэалізацыі знаходзіцца гэтае пагадненне. Таксама мы пакідаем людзям свае кантакты, і кажам, што мы можам аказаць юрыдычную дапамогу, то бок выслаць узор такога ліста.

Беларускі Дом у Варшаве, супольна з альянсам „Грамадзянская Гарадзеншчына” і берасцейскім грамадскім аб’яднаннем „Дзедзіч” правялі шэраг інфармацыйных акцый на польска-беларускіх памежных пераходах, раздавалі людзям улёткі з інфармацыяй пра магчымасці малога памежнага руху, які дае права перасякаць мяжу без візы, а ў спрошчаным парадку, паводле спецыяльных пропускаў. Дамова пра малы памежны рух была падпісана паміж Беларуссю і Польшчай яшчэ ў 2010 годзе, аднак афіцыйны Менск да гэтага часу не выслаў у Варшаву ратыфікацыйную ноту. Акрамя таго, беларускі бок аргументуе замаруджванне працэсу тым, што памежныя пераходы тэхнічна не падрыхтаваныя да павелічэння колькасці пасажырапатоку.

Калі казаць пра аднабаковы бязвізавы рэжыму у Белавежскай пушчы, то на сёння вядома, што дзеля атрымання пропуску, грамадзяне Еўразвязу павінны на сайце Нацыянальнага парка „Белавежская пушча” запоўніць рэгістрацыйны фармуляр, і пачакаць адказу (Нацыянальны парк адпраўляе звесткі ў памежныя службы Берасця). Атрымаўшы станоўчы адказ, неабходна яго раздрукаваць – гэта пропуск на перасячэнне мяжы без візы. Ёсць абяцанне, што адказ будзе прыходзіць на працягу дзвюх гадзін. Пазней трэба набыць медычную страхоўку (кошт яе 8-10 злотых), узяць пропуск, пашпарт і можна перасякаць мяжу ў пункце пропуску Грудкі-Перароў.

Знаходзіцца на беларускім баку пушчы можна не больш за 72 гадзіны. Пры запаўненні рэгістрацыйнага фармуляра адначасна выбіраюцца найменш дзве турыстычныя прапановы. Пасля прыезду ў Каменюкі іх трэба адразу аплаціць у касе. 12 чэрвеня выпраўляецца першая група польскіх турыстаў. Таксама дзеля афармлення пропуска можна скарыстацца паслугамі турыстычнай фірмы.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя