„Пачынаем быць нармальнымі”. Дзейнасць галерэі „Крынкі” прэзентавалі ў Беластоку



Пяцігадовую дзейнасць галерэі “Крынкі” прэзентавалі ў Беластоку. Гэтая мастацкая пляцоўка дзейнічае ў мясцовасці Крынкі пры фондзе Villa Sokrates, і здолела прыцягнуць да сябе творчых асобаў не толькі з рэгіёну, але і з усёй Польшчы і з-за мяжы.

Між іншымі, тут прадстаўлялі свае праекты Робэрт Кусьміроўскі, Тадэвуш Ролькэ, беларускі фатограф Андрэй Лянкевіч, творцы з Падляшша – Малгажата Дзмітрук ды Ян Чабан.

Чым ёсць галерэя “Крынкі” – кажа адзін з яе стваральнікаў  і адзін з рэдактараў выдання, прысвечанага дзейнасці галерэі, Павел Грэсь:

Магу сказаць вельмі проста – гэта ёсць месца інтэлектуальнага абмену, важнае і для нас, беларусаў, і для палякаў з Беласточчыны. Праўду сказаўшы, другога такога месца па-просту тут няма. І тое, што гэта дзейнічае ў Крынках, што гэта існуе пад шыльдай фонду Villa Sokrates, таксама лагічна, таму што маем дачыненне са спадчынай Сакрата Яновіча. Таму паўстала такое месца, такая галерэя, і з такой праграмай, месца, адкрытае таксама для мясцовых людзей.

Вядомы мастак, прафесар Лявон Тарасэвіч звяртае ўвагу на тое, што мастацкія галерэі ніколі фактычна не існуюць на вёсках, яны існуюць у гарадах.

прафесар Лявон Тарасэвіч

„Таму той факт, што галерэя паўстала ў Крынках – гэта факт, важны найперш для беларусаў Беласточчыны”, – кажа творца і ідэйны натхняльнік галерэі:

Гэта патрэбна перадусім нам. Самае важнае, што галерэя існуе і заняла сваё месца ў мастацкай прасторы Польшчы і па-за яе межамі. Вядомыя асобы прыязджаюць кожны год. Андрэй Стасюк, Робэрт Кусьміроўскі, Юры Андруховіч ды іншыя творчыя асобы заўсёды прыязджаюць туды, дзе паўстае энергія інтэлекту. І гэта тое, што нам патрэбнае: актыўнасць інтэлекту, створаная праз візуальнае мастацтва, якая яшчэ ў пакаленні Сакрата Яновіча выкарыстоўвалася толькі для аздаблення кніжак або беларускага календара. Таксама не хапае нам яшчэ такой платформы як кабарэт беларускі, і тэатру, які б існаваў як тэатр, жывы, у дыялогу з тэатрам сусветным. Але пачаткі ёсць і будзе добра. Ужо пачынаем быць нармальнымі.

Да пяцігоддзя галерэі “Крынкі” выйшла адмысловае выданне, якое расказвае пра аўтараў ды іх праекты, якія выстаўляліся ў Крынках. Выданне аздобленае фотаздымкамі з выставаў, і кожны з прысутных мог яго ўзяць бясплатна.

Мастацкая галерэя „Крынкі” месціцца ў мясцовасці „Крынкі” на Падляшшы ў старым будынку, які застаўся з габрэйскага мінулага мястэчка. Яе паўстанне звязана з дзейнасцю фонду Villa Sokrates, а таксама з галоўнай ідэяй беларускага „Трыялогу” – штогадовых сустрэчаў інтэлектуалаў, якія запачаткаваў яшчэ Сакрат Яновіч. Гэта ідэя спалучэння думкі, мастацтва і тэатра.

Мерапрыемства ў Беластоку ў клубе Zmiana Klimatu прайшло з удзелам Паўла Грэся, прафесара Лявона Тарасэвіча і мастака Робэрта Кусьміроўскага.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.

Фота аўтара