Пачынаецца прыём у беларускія групы садка №14 у Беластоку
Больш за паўсотню дзяцей у беларускія групы гатовы сёлета прыняць самаўрадавы дзіцячы садок №14 у Беластоку. Апошнія гады у сувязі з рэфармаваннем дашкольнай адукацыі ў Польшчы колькасць месцаў у беларускіх групах была значна абмежаваная. Канчатковыя ўмовы прыёму ў дзіцячыя садкі Беластока 27 сакавіка на сваім паседжанні мусіць зацвердзіць Рада Беластока, але ўжо цяпер вядома, што ў беларускія групы трапіць будзе лягчэй, кажа дырэктар Польска- Беларускага садка №14 у Беластоку Луцыя Неміровіч:
– Калі бацькі прыйдуць да нас, то мы ўсё падкажам, будуць дакументы, заявы. Адзінае, што мы ведаем, хто захоча ў беларускаія групы, атрымае на 12 пунктаў больш. І гэта вельмі добра. Усе дзеткі, якія да нас прыйдуць, будуць прынятыя.
Ужо больш за 20 гадоў у Белстоку дзейнічаюць беларускія групы ў дзіцячым садку №14. Колькасць дзяцей, якія атрымліваюць дашкольную адукацыю ў Беластоку, сёлета складае 102 асобы. Гарадскія ўлады Беластока ўжо выказалі згоду і паабяцалі фінансаванне для разбудовы адзінага ў Польшчы польска-беларускага дзіцячага садка.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток