Пачынаецца XIX Трыялог у Крынках
У нашай студыі Лявон Тарасэвіч. Сёння ён у якасці старшыні фонду Villa Socrates паколькі тэмай нашай размовы будзе тое, што сёння пачынаецца ў Крынках, а менавіта? «Беларускі Трыялог». Сёлетні Трыялог будзе прысвечаны Беларусі звонку, ці беларусам звонку, погляду на Беларусь з боку.
РР: Кастусь Бандарук у тэксце, які падрыхтаваў да сёлетняга дыялогу, з якога бадай пачнецца дыскусія, параўнаў духоўную Айчыну, на якую глядзяць людзі з боку, не абавязкова з эміграцыі, бо той погляд з боку можа быць розны, да такога згубленага Раю, да выгнання з Раю Адама і Евы. І кожны крыху, калі стаіць з боку, ідэалізуе той вобраз Айчыны. Патрон гэтых сустрэч Сакрат Яновіч, памятаю, ідэалізаваў, хаця б у пошуках гістарычнага вобразу Беларусі, бо сённяшняя Беларусь яго вельмі часта і моцна нервавала. А як ты глядзіш на гэту Беларусь? Чым яна для цябе ёсць?
Лявон Тарасэвіч: Я думаю, што сёлетняя сустрэча на Трыялогу цікавыя тым, што сустракаюцца беларусы свету, якія ў розных месцах працуюць, не абавязкова як палітычная эміграцыя, найчасцей, калі мастакі, дык яны проста паехалі у добрую акадэмію, у Дюсельдорф. І на сёння паказваецца беларуская актыўнасць у Еўропе, якая ёсць разам з іншымі. Вядзецца дыскурс наконт еўрапейскай культуры і ствараннем разам сучаснага мастацтва. Ужо няма гэтых бел-чырвона-белых сцягоў і Пагоняў, а ёсць цікавыя прапановы мастакоў з Нямеччыны, Англіі, Бельгіі. Таксама цікава, што на ўсіх дыскусійных панелях дыскутуюць людзі з аднаго боку, з Рэспублікі Беларусь, і ад нас, з Беласточчыны, і тыя, што жывуць, ці жылі, недзе ў Еўропе. Таму думаю, што як заўсёды, гэта такі момант, калі мы можам дыскутаваць пра вялікую тэму, якая і на вялікую кніжку, і на вялікую выставу, на якую можа нехта зробіць больш чым мы ў Крынках, але мы на гэтай крынскай Агоры хочам пачаць такі дыскурс.
РР: Хаця Лявон Тарасэвіч прафесар Мастацкай акадэміі ў Варшаве, апошнім часам дадалася яшчэ адна прафесура: ганаровая ў Вроцлаўскай акадэміі. І як сказаў рэктар гэтай акадэміі, гонарам было б кожнай мастацкай школе мець у прафесарах Лявона Тарасэвіча. Усё ж гэтыя дыскусіі ў час Трыялогу далёка не акадэмічныя, не прафесарскія я б сказаў. Чаго ты чакаеш ад гэтых дыскусій? Бо напэўна не такога, чыста навуковага, падыходу да справы, ці прачытання з карткі дакладу. Прынамсі дагэтуль такога не было.
Лявон Тарасэвіч: Ніколі не было і ніколі дыскусія у Крынках не заканчвалася нейкай адзінай развязкай. Ну можа два гады таму, калі тэмай было «Чаму Бог не разумее па-беларуску?», адкрыта сказалі, што якая мова ў Царкве – вырашае гаспадар, значыць епіскап. І тут для мяне, мяркую, найбольш цікавымі будуць такія рэчы, што сутыкненне трох асобаў з розных месцаў актыўнасці беларускай дасць можа нешта новае, чаго мы не ведам пра беларускую культуру. Да прыкладу, заўсёды думаецца, што беларуская культура – яна такая сялянская, прыгожанькая, плыве па душы. Аказваецца, што маладыя мастакі рэзкія і вельмі экспрэсіўныя. Мне марыцца зрабіць Трыялог разам з нашай Ноблеўскай лаўрэаткай пра беларускі рэалізм. Што беларускае мастацтва настолькі надрэалістычнае, што людзі на гэта не звяртаюць увагу. Напрыклад, тое, пра што пісаў Васіль Быкаў, што мы бачым у фільме «Ідзі і глядзі» Клімава, ці тое, што піша Алексіевіч. Я проста больш за 20 хвілін не магу слухаць, бо гэтага зашмат, надта рэзка, занадта рэалістычна. Я думаю, гэта такі добры падыход: першае сутыкненне, каб мы маглі ў Крынках сустрэцца, ну і з Андрэем Дурэйкам, які курыруе мастацкую частку, і абмеркаваць, як зрабіць вялікую выставу беларускага мастацтва недзе ў Еўропе, можа быць у Варшаве, можа быць у Нямеччыне.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным файле:
Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя