XXXVI Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі «Гайнаўка-2017»



Гэта быў сапраўдны ўкраінскі дэсант на фестывалі «Гайнаўка-2017». Хоры з Украіны сталі пераможцамі амаль ва ўсіх катэгорыях Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі “Гайнаўка-2017”.

Капэла “Дніпро” з Кіева — сярод аматараў, “Знамення” — сярод прыхадскіх, а хор Акадэміі музыкі з Днепрапятроўска — сярод хораў музычных вучылішч. Сярод прафесіяналаў першае месца заняў камерны хор “Хрэшчатык” з Кіева.

Спецыяльную ўзнагароду для лепшага дырыжора фестывалю атрымала Вольга Суарэс, мастацкі кіраўнік калектыў старарускага мастацтва «Сретение» з Менска.

— Мне было прыемна, бо я сама —і выхавацель і вучу студэнтаў Менскага духоўнага вучылішча тэхніцы рэгентавання на клірасе, таму гэта вельмі прыемна для мяне — атрымаць узнагароду такога роду. Для нас гэта вельмі важная ўзнагарода, бо у нас аматарскі калектыў, мы не маем прафесіянальных спевакоў.

Калектыў старарускага мастацтва «Сретение» з Менска заняў другое месца сярод аматарскіх хораў. Таксама другое месца сярод дзіцячых калектываў заваяваў “Радуга” з Баранавіч. “Гарадская капэла Магілёва” была другая сярод прафесіяналаў. Сёлета ў конкурсе выступіла 26 хораў з 8 краінаў Еўропы.

***

Шэдэўры царкоўнай музыкі расейскіх кампазітараў пачулі сабраныя ў беластоцкай філармоніі. Тут, 24 траўня,  урачыстым канцэртам леташняга лаўрэата інаўгуравалі ХХХVI Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі “Гайнаўка-2017”. Госцям мерапрыемства прэзентаваўся Акадэмічны хор дзяржаўнай расейскай музычнай акадэміі імя Гнесіных у Маскве. Гэта гонар выступаць і перамагаць на так знакамітым фестывалі якім з’яўляецца «Гайнаўка», кажа дырыжор хору Дзмітрый Анегін:

— Гэта вельмі значны фестываль. Вельмі высокі ўзровень тут быў. Шэсць гадоў таму на трыццатым фестывалі мы таксама атрымалі першае месца і на трыццаць пятым някепска спявалі таму нас ацанілі дастаткова высока і ў сувязі з гэтым нас запрасілі на інаўгурацыйны канцэрт, і мы гэтаму вельмі рады.

Сёлета ў час трох дзён конкурсных слуханняў выступяць 6 беларускіх хораў гэта між іншым хор “Радуга” з Баранавіч, хор “Праабражэнне” са Шчучына ды жаночы хор “Мірум” з Новаполацка. Заўтра (25.05) ў памяшканні філармоніі па вуліцы Падлесьнай першы дзень праслухоўванняў. Пачатак у 17 гадзін.

*****

 Пра падрабязнасці звязаныя з праграмай і чаму варта наведаць гэты незвычайны фестываль расказвае Лукашу Леанюку дырэктар і стваральнік фестывалю Мікалай Бушко:

— Гэта наватарская задума, гэта мая выдумка, маё аўтарскае мерапрыемства, бо ніколі не было такога мерапрыемства як фестываль царкоўнай музыкі. Мне прыйшлося прыдумаць усю формулу фестывалю: пачынаючы ад таго, дзе спяваюць хоры і дзе сядзіць журы, якое сцэнічнае афармленне, як праходзіць інаўгурацыйны канцэрт. Сёлета гэты канцэрт адкрые двухразовы лаўрэат у катэгорый хораў музыкальных вучылішч, хор славутай Маскоўскай дзяржаўнай акадэміі музыкі імя Гнесіных.

РР: Сёлета з якіх краін якія хоры будуць прымаць удзел?  

У нашым фестывалі спяваюць усе асяроддзі, якія займаюцца царкоўнай музыкай. Гэта і прыхадскія хоры, і аматарскія хоры, і дзіцяча-моладзевыя, і хоры музыкальных вучылішч, і хоры прафесійныя. Усе асяроддзі, пра якія я казаў: ад прыхадскіх па прафесійныя хоры, удзельнічаюць.  Агулам мы запрасілі 27 хораў, з іх 26 — прымуць удзел у конкурсе. З 8 краін свету. Мы рады, што сярод гэтых хораў, ёсць таксама хоры з Польшчы і хоры з Беларусі.

РР: Сярод гэтых 27 хораў ажно 6 хораў з Беларусі.  

— Думаю, што з поўнай адказнасцю магу сказаць, што ўсё важнейшыя хоры, якія існавалі ў Беларусі да гэтай пары, удзельнічалі ў нашым фестывалі: пачынаючы ад тыпова вясковага хору з Палесся, які зрабіў тут фурор, па дзяржаўныя хоры. А сёлета нават усё катэгорыі: сярод прыхадскіх хораў прыязджае царкоўны хор з Менска, сярод дзіцячых хораў — хор «Минские зори», сярод хораў музычных вучылішч — хор з Наваполацкага каледжа, сярод прафесійных хораў — дзяржаўны хор з Магілёўскай філармоніі.

РР: Дзе апрача Беластока можна будзе паслухаць царкоўную музыку?

— Сёлета мы арганізуем 25 дабавачных канцэртаў у час фестывалю. Пачынаючы ад Варшавы, Кракаў, Люславіцэ, Легіянова, Тыкоцін, Белавежа, але таксама і Нараўка, Нарва, Міхалова, Райск, Бельск-Падляшскі. Мы хочам, каб нашы суродзічы пачулі царкоўную малітву на найвышэшым узроўні выканання. Кажучы пра дадатковыя канцэрты, я хачу адзначыць, што фестываль перакрочвае межы. Летась у рамках фестывалю мы арганізавалі прэм’еру Ютрані Кшыштафа Пэндэрэцкага ў Санкт-Пецярбургу у Смольным саборы. Гэты было першае расейскае выкананне. Сёлета ў Камянцы, па другі бок мяжы, дзякуючы супрацы з мясцовым раённым аддзелам культуры мы ладзім канцэрт, дзе будуць спяваць у чацвер нашы госці з Магілёва.

Пачатак інаўгурацыйнага канцэрта ў 19 гадзін ў памяшканні філармоніі: вул. Падлесьна, 2.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток