Пад Данецкам цяжка паранены беларускі добраахвотнік



У ноч на 10-га жніўня ва Украіне быў цяжка паранены беларускі добраахвотнік, які ваяваў у корпусе «Правага сектара». Гэту інфармацыю ў нашым эфіры пацвердзіў валанцёр Андрэй Стрыжак, які займаецца зборам дапамогі для АТО ў Беларусі, інфармацыя ў яго ад іншых беларусаў, які ваюць зараз на Усходзе Украіны.

– На жаль, гэтая інфармацыя звязаная з іншай трагічнай інфармацыяй, што ў гэтую ноч загінуў адзін з байцоў, які таксама ўваходзіў у гэтую групу, у якой ваююць беларускія грамадзяне на ўсходзе Украіны. Гэта ўкраінец Віталь Ціліжэнка. А што тычыцца беларуса, то ён, па папярэдніх звестках, быў эвакуяваны ў шпіталь, а зараз гэта не пацвердзілася. Ягоныя баявыя таварышы кажуць, што яго эвакуацыя плануецца недзе на вечар сённяшняга дня ў Днепрапятроўск.

Грамадзянін Беларусі паранены падчас спробы прарыву баевікоў пад вёскай Белая Каменка Данецкай вобласці. Прэс-цэнтр АТО паведамляе, што пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў з 72-й механізаванай брыгады атакавалі баевікі колькасцю каля 400 чалавек. У складзе групы баевікоў знаходзіліся 10 танкаў і 10 баявых машын пяхоты. На дапамогу ваенным прыбыў добра-ахвотніцкі батальён «Правага сектара». Украінскія сілы змаглі адбіць атаку ворага, аднак у баі страцілі сем чалавек. 11 чалавек – параненыя.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя