Пад царкву-помнік у Заляшанах заклалі краевугольны камень



Царква святой Кацярыны і мучанікаў падляшскіх і холмскіх, у якой галоўнае месца будзе займаць Ікона Заляшанскай Божай Маці: у Заляшанах мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы архіепіскап Сава разам з духавенствам  асвяцілі краевугольны камень пад новую царкву – помнік.

Царква паўстае ў месцы, дзе пралілася нявінная кроў тых людзей, якіх сёння называем мучанікамі за веру:

– Такога дня яшчэ не было, як сёння. Як сказаў архіепіскап Сава, гэта гістарычная даніна. Бо закладка царквы – гэта даніна памяці тым, хто быў замучаны за веру. Кроў мучанікаў зло не адалее.

У Заляшаны ў суботу прыехалі сотні людзей. Ужо некалькі гадоў у апошнюю суботу ліпеня тут адзначаецца свята заляшанскай Іконы Божай Маці. Сёлетнія ўрачыстасці ўзначальваў мітрапаліт Сава, а таксама епіскапы Бельскі і Гайнаўскі. Царква будзе нагадваць падзеі, якія адбыліся ў Заляшанах 29 студзеня 1946 года, калі ад рук польскага ўзброенага падполля загінулі 16 чалавек, а вёска была спаленая.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя