Падатковае аблягчэнне ў Польшчы



Ужо 15 лютага падаткаплацельшчыкі ў Польшчы змогуць праверыць сваю падатковую дэкларацыю за 2018 год. Усё, не выходзячы з дома, можна будзе праверыць на адмысловым сайце podatki.gov.pl. Гэта рэвалюцыя, калі казаць пра падатковую сістэму ў Польшчы. Дэкларацыю можна будзе або праверыць і прыняць без зменаў, або паправіць і дапоўніць дадзенымі, кажа прэс-сакратар аддзела Краёвай фінансавай адміністрацыі ў Беластоку Радаслаў Ганцэвіч.

– Твой электронны РІТ – гэта падатковая дэкларацыя РІТ-37 або РІТ-38, якая будзе даступная на сайце podatki.gov.pl. Краёвая фінансавая адміністрацыя падрыхтуе яе і дасць доступ, карыстаючыся інфармацыяй, якую мае.

Праверыць сваю падатковую дэкларацыю на сайце можна будзе да 30 красавіка. Краёвая фінансавая адміністрацыя ацэньвае, што з гэтай формы разліку даходаў скарыстае каля 25 адсоткаў падаткаплацельшчыкаў. Падатковае аблягчэнне датычыць толькі фізічных асобаў. Прадпрымальнікі, як раней, павінны самі падрыхтаваць падатковыя дэкларацыі.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота openeyo.com