Падляшша атрымае ад ЕЗ грошы на дарогі
208 мільёнаў злотых на рамонты дарогаў і чыгуначных лініяў атрымае Падляшскае ваяводства ад Еўразвязу. Як найлепш выдаткаваць гэтыя грошы – вырашаюць на кансультацыях рэгіянальнага транспартнага плану да 2020 года.
Пакуль плануюцца рамонты дарогаў Кляшчэлі–Сямятычы, Бельск Падляшскі–Гайнаўка, Заблудаў–Навасады ды Юшковы Груд–Звадзецке. Усе гэтыя дарогі маюць стратэгічнае значэнне ў гандлёвых кантактах з Беларуссю, як лічыць аўтар праекта плану прафесар Томаш Камарніцкі з Польскай акадэміі навук. “Сёння транзіт з Расеі ідзе праз Літву і пераход у Будзіску, але гэтая сітуацыя можа змяніцца. І тады спатрэбяцца іншыя развязкі”, – дадае прафесар Томаш Камарніцкі.
– Змены ў міжнародных стасунках, напрыклад, у дачыненнях паміж Літвой і Расеяй, якія вельмі магчымыя, могуць спрычыніцца да таго, што аднойчы гэты рух з’явіцца на беларуска–польскай мяжы ў значна большай ступені, чым сёння. Можа стацца так, што колькасць грузавых машын у Кузьніцы ці Баброўніках узрасце незалежна ад нас.
У межах гэтага транспартнага праекта плануецца таксама аднавіць закрытыя чыгуначныя лініі з Ляўкоў у Гайнаўку і з Гайнаўкі ў Белавежу. Чарговыя кансультацыі пройдуць у Бельску Падляшскім 26 лютага ў 10 гадзін ва ўправе горада.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя
Фота wyborcza.pl