Падляшша: два шпіталі атрымаюць 2,5 мільёна злотых на змаганне з каронавірусам



Два шпіталі ў Падляшскім рэгіёне маюць дадатковыя грошы на змаганне з каронавірусам. Гэта ваяводскі шпіталь імя Снядэцкага ў Беластоку і ваяводскі шпіталь імя Рыдыгера ў Сувалках, якія агулам атрымалі 2,5 мільёна злотых. Грошы сталі вынікам павелічэння бюджэту праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Польшча-Беларусь-Украіна на 2014-2020 гады.

Падрабязнасці паведаміў маршалак Падляшскага ваяводства Артур Касіцкі падчас прэсавай канферэнцыі:

– Каля 1.5 млн злотых – сума, прызначаная для ваяводскага шпіталя ў Беластоку, а каля мільёна злотых – сума, прызначаная для ваяводскага шпіталя ў Сувалках. Зразумела, што гэтыя сродкі мусяць пайсці на набыццё апаратуры, сродкаў засцярогі і розных іншых рэчаў, якія  патрэбныя для таго, каб паспяхова змагацца з COVID-19, у тым ліку тэстаў.

Падляшскія шпіталі рэалізуюць супольныя транспамежныя праекты са шпіталямі ў Гародні і Менску, якія ў межах павелічэння бюджэту праграмы таксама атрымаюць дапамогу. Гэта будзе апаратура і медыцынскае абсталяванне, якія, між іншым, дапамогуць у працы інфекцыйных аддзяленняў, а таксама сродкі засцярогі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя