Падляшша інвестуе ў чыгуначную інфраструктуру



Падляшскае ваяводства інвестуе ў чыгуначную інфрастуктуру. Як стала вядома, у 2017 – 2020 гадах будуць мадэрнізаваныя некалькі ўчасткаў чыгуначных ліній. Гэта адбудзецца ў рамках праграмы “Усходняя Польшча”, агульны кошт праектаў складае 300 мільёнаў злотых – паведамілі PKP – польскія чыгуначныя лініі.

Між іншым, мадэрнізацыю, хутчэй за ўсё ў 2018 годзе, пройдзе ўчастак чыгункі з Сямятычаў да Гайнаўкі. І гэтаму цешыцца гайнаўскі стараста Міраслаў Раманюк:

— Для нас чыгунка — гэта як аўтастрада, бо ў нас напэўна не будзе ніякай аўтастрады тут праз Гайнаўку, а вось чыгуначнае спалучэнне вельмі важнае для нас: для транспарту, для людзей. Дзякуючы чыгунцы мы не застанёмся недзе з боку, мы злучаныя і са сталіцай краіны і са сталіцай ваяводства. Гэта вельмі добрая для нас справа. 

Кошт мадэрнізацыі чыгункі ад Сямятычаў да Гайнаўкі – гэта 170 мільёнаў злотых. Плануецца, што будзе парамантавана 37 кіламетраў чыгуначных ліній, будуць змененыя раз’езды і абсталяванне для кіравання рухам. Усе пероны на дзесяці станцыях прыстасуюць для асобаў з абмежаванымі магчымасцямі. І гэта няпоўны пералік планаваных працаў. Таксама мадэрнізацыя закране ўчастак Беласток – Бельск Падляшскі ды некаторыя іншыя.

Беларускае Радыё Рацыя