Не ўсе культурніцкія праекты дафінансуюць
120 ухваленых культурніцкіх праектаў ў 2016 годзе. Маршалкоўская ўправа Падляшскага ваяводства прызначыла грошы на рэалізацыю задач у галіне культуры і нацыянальнай спадчыны. Агулам выдзелена 718 тысяч злотых, у тым ліку 100 тысяч – для беларускай меншасці. Аднак некаторыя, ужо вядомыя, мерапрыемствы не атрымаюць дапамогі, напрыклад, фестываль “Беларуская песня” і Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі.
Як тлумачыць дырэктар Дэпартаменту культуры і нацыянальнай спадчыны Анатоль Вап, прычына – у фармальных парушэннях:
– Гэта невялікія памылкі, але закон усё ясна акрасляе. Калі змогуць іх перарабіць і загадзя прынесці, мы іх перагледзім. Але каля 80% праектаў дасылаюцца ў апошнія 3-4 дні, і мы тады не маем ніякай магчымасці гэта зрабіць.
У гэтых выпадках застаецца альтэрнатыўны – адміністрацыйны шлях атрымання грошай. Не былі фінансава падтрыманыя таксама праекты добра падрыхтаваныя з фармальнага боку, вядомыя і прызнаныя публікай і крытыкай, напрыклад “Беларускі Трыялог” і “Бардаўская Восень”. Аднак, як кажа дырэктар Анатоль Вап, у будучыні яны змогуць разлічваць на фінансаванне:
– Гэтыя два мерапрыемствы праходзяць восенню. У сакавіку мы будзем распісваць другі конкурс, таму ёсць шанец. А зараз камісія ў першую чаргу звяртала ўвагу на тэрмін рэалізацыі. Калі нам прыходзілася выбіраць адно з двух мерапрыемстваў, аддавалі перавагу таму, якое праходзіць у першым паўгоддзі.
Яшчэ ў гэтым паўгоддзі Маршалкоўская ўправа агучыць конкурс культурных праектаў, правядзенне якіх запланавана ў другой палове году. А бліжэйшымі днямі адкрыецца набор заявак на праекты, якія часткова фінансуюцца з уласных сродкаў, або з іншых знешніх крыніцаў.
Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя