Падляшша прапануе бязвізавы рух на Аўгустоўскім канале
Падляшскае ваяводства Польшчы прапануе стварэнне на Аўгустоўскім канале зоны бязвізавага турызму. Пра гэта ў Гародні на выставе-кірмашы „Еўрарэгіён „Нёман” карэспандэнту БелТА паведаміў маршалак ваяводства Мечыслаў Башко. Маршалк расказаў, што нядаўна ў Беластоку прайшла сустрэча прадстаўнікоў МЗС абедзьвюх краін, і сярод іншага, абмеркавалі і гэтае пытанне.
Такія ж намеры пацвердзіў старшыня праўлення Падляшскага клуба бізнесу Лех Пілецкі. Ён паведаміў, што ўжо ў бліжэйшыя дні адбудзецца вялікая працоўная сустрэча ў Міністэрстве замежных спраў Польшчы, у якой прымуць удзел консулы і прадстаўнікі буйнога бізнесу. На ёй плануецца абмеркаваць крокі, неабходныя для больш хуткай рэалізацыі гэтай ідэі.
„Думаю, мы зможам гэта зрабіць пры узаемным жаданні двух бакоў, вядома. Але ж у Белавежскай пушчы усё атрымалася, і гэты цудоўны край атрымаў штуршок да новага развіцця. Тое ж трэба зрабіць з Аўгустоўскім каналам”, – лічыць ён.
Намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Рэспубліканскі турыстычна-спартовы саюз” Сяргей Каляда лічыць, што ідэя адмены візаў на Аўгустоўскім канале дасць турыстычнаму аб’екту новыя магчымасці:
– Паедуць турысты, можна будзе заняцца і бізнесам – бізнес пойдзе больш паспяхова. Прыватны бізнес спадзяецца, што можа тады можна будзе паставіць свае пункты продажу нейкіх тавараў – харчавання, вады. Улады спадзяюцца нешта дазволіць – праводзіць нейкія вялікія, буйныя мерапрыемствы. Надзеі з усіх бакоў ёсць.
Бязвізавы рэжым паміж Польшчай і Беларуссю паспяхова дзейнічае ў Белавежскай пушчы. Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі, цяпер іншаземцы на працягу трох дзён могуць знаходзіцца на тэрыторыі Белавежскай пушчы без візы. Гэта зроблена ў мэтах павялічэння эфектыўнасці выкарыстання турыстычнай інфраструктуры нацыянальнага парку і развіцця трансгранічнага турызму.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня