Падляшша рыхтуецца да маразоў
На Падляшшы афіцыйна пачалася кампанія “Зіма”. Падляшскі ваявода заклікае самаўрады і гарадскія службы дапамагаць бяздомным і ўсім патрабуючым ператрываць гэтую пару года.
Паводле сіноптыкаў, сёлетняя зіма будзе мяккая, але будуць таксама кароткія марозныя перыяды. Важна, каб у найбольшыя маразы ў кампанію ўключыліся таксама жыхары Падляшша, кажа ваявода Мацей Жыўна:
– Кожны з нас адказны за суседа, асобу, якую бачым на вуліцы. Бо нават найлепш арганізаваныя службы не заменяць звычайнай чалавечай чуласці. І не заўсёды гэтыя службы прыйдуць на дапамогу своечасова, калі не будуць ведаць, што тая ці іншая асоба патрабуе дапамогі.
З пачатку лістапада на Падляшшы працуе спецыяльны нумар тэлефона, даступны 24 гадзіны. Тут можна даведацца пра начлегі і месцы, дзе можна атрымаць гарачую ежу ды адзенне. Для бяздомных з Падляшскага ваяводства створана каля паўтысячы месцаў у начлежных дамах у Беластоку, Сувалках, Ломжы і Замбраве.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота pogoda.wp.pl