“Падляшша ў аб’ектыве”: пачатак збору конкурсных прац
Пачаўся збор конкурсных прац на 16 агульнапольскі конкурс “Падляшша ў аб’ектыве” імя Віктара Воўкава. Мэтай конкурсу ёсць прэзентацыя Падляшша ў выглядзе мастацкай дакументацыі, збор і архіваванне фотаздымкаў, сцвярджае арганізатар праекта, дырэктар Беларускага музея ў Гайнаўцы Томаш Ціханюк.
Ад усіх прафесіяналаў ды аматараў рознага веку з усіх куточкаў Польшчы арганізатары конкурсу чакаюць прац, натхнёных людзьмі, краявідамі, архітэктурай, культурай і жыццём Падляшша. Кажа дырэктар музея Томаш Ціханюк:
– Свае працы можна ці асабіста прыносіць у нашае бюро ў музеі, ці высылаць поштай. Тры працы трэба выслаць у фармаце А3, а таксама на дыску. Яшчэ трэба сцягнуць фармуляр, які можна знайсці на нашай інтэрнэт-старонцы. Вынікі будуць у канцы года, дзесьці ў снежні. Асобы, якія атрымаюць узнагароды, а таксама будуць адзначаны ў нашым конкурсе, а таксама тыя, чые працы будуць закваліфікаваныя на пасляконкурсную выставу, – іх працы будуць прэзентаваны ў Беларускім музеі, а пасля будуць ездзіць па Беласточчыне і іншых месцах.
Працы пераможцаў мінулых конкурсаў прэзентаваліся ў Польшчы і Беларусі.
Сёлета збор конкурсных прац ды заявак удзельнікаў працягнецца да канца верасня. Па ўсіх пытаннях, звязаных з удзелам у конкурсе, можна скантактавацца з дырэкцыяй Беларускага музея ў Гайнаўцы.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя, Гайнаўка
Фота аўтаркі