Падляшскае ваяводства падпісала дамову з НДА пра дапамогу бежанцам з Украіны
Эфектыўнасць дапамогі бежанцам з Украіны ў Польшчы наўпрост залежаць ад актыўнай супрацы ўлады і няўрадавых арганізацый.

З вынікамі фармалізацыі стасункаў дзяржаўна-грамадскага сектару Падляшша падчас адмысловай прэс-канферэнцыі азнаёміў Падляшскі ваявода Багдан Пашкоўскі:
– У пятніцу мы падпісалі дамовы з двума актыўнымі няўрадавымі арганізацыямі. Гэты цяжкі перыяд для Украіны ў Польшчы быў такім перыядам, калі перад нашай краінай, нашым ваяводствам паўсталі значныя выклікі, каб уцекачы – жанчыны і дзеці, знайшлі сабе месца прыбывання, а таксама каб гэтыя асобы маглі знайсці сабе працу.

Вынікі супрацы з Управай Падляшскага ваяводства, які надалей будуць развівацца па дамове, прадставіла дырэктар Падляшскага рэгіянальнага аддзялення Польскага Чырвонага Крыжа Эльжбета Пашкоўская:
– У гэты час наша таварыства дапамагло 200 тысячам асобаў. Мы даслалі 121 гуманітарны транспарт на тэрыторыю Украіны. Рашэннем спадара ваяводы ад 1-га красавіка нам быў перададзены асяродак у Васількове. Мы хочам забяспечыць пачуццё бяспекі грамадзянам Украіны, сярод іншага мы пачалі заняткі з дзецьмі дашкольнага ўзросту. У асяродку каля 150 дзяцей, а ўсіх асобаў каля 300, мы перадаем ім ежу і аказваем дапамогу.
Па словах Багдана Пашкоўскага, на тэрыторыі Падляшскага ваяводства на пачатак месяца рэгістрацыю па месцы жыхарства і PESEL атрымалі каля 13 000 бежанцаў з Украіны. 2 500 дзяцей з Украіны пачалі навучанне ў адукацыйных установах. 1 500 чалавек звярнуліся за аднаразовай дапамогай у памеры 300 злотых для ўкраінцаў.









Беларускае Радыё Рацыя
