Падляшская, беларуская Ітака
Ой, тая пані гісторыя! Патрапіць яна жартаваць, прыніжаць і ўзвышаць, здзекавацца не толькі над невялікімі народамі, але і прыносіць выклікі ў выглядзе міждзяржаўных, глабальных і міжкантынентальных канфліктаў. У такой сітуацыі цэлым нацыям, іхнім інтэлектуалам, ці звычайным спажыўцам хлеба і солі пад любою геаграфічнай шыратою застаюцца толькі нервы, словы абурэння, пралітая кроў і, на жаль, ідучая за тым бяда і смерць. І нацыянальная ідэя, як і тая Божая вера, дазваляе людзям заглядаць у глыб гісторыі і саміх сябе дзеля паратунку і выжывання. Нашага, крынкаўскага Сакрата Яновіча беларуская «Скарга на гісторыю» сплеценая нераздзельна і сімбіёзна тут з ягонай «Малітваю да роднага слова». Малое падляшскае трымценне беларускага сэрца і душы з бязмежнымі берасцейска-гарадзенскімі духоўна-тэрытарыяльнымі разгалінаваннямі аказваецца смачным куском для суседзяў менавіта «Тэррай інкогнітай», не толькі бліжэйшым і далейшым чужынцам, але і для саміх сябе.
Вось тут таксама мая патрачаная пушчанская Ітака, якую стараюся безупынна адшукоўваць і хачу да яе ізноў прыплысці па‑над межамі і мурамі. Можа нейкім чынам удасца яе бязбольна пасшываць; магічным, чарадзейным зеллем і ціхай замовай пагоіць усе жывыя раны і шнары. Асабліва зараз, калі сілы цемры ўсёй сваёй сілай адводзяць нас ад галоўнага — вярнуцца ў беларускую Ітаку ўсім яе выкінутым дзецям, пакуль бадзягам без месца і краю. На жаль, тое вечнае і сучаснае шуканне і вандраванне прымушае абвострана ўглядацца ў саміх сябе і дамагаецца асэнсавання пытання: ці можна нам змірыцца з разбуранымі стагоддзямі сваімі Троямі, Картагінамі, спаленымі роднымі Александрыйскімі бібліятэкамі, ад якіх застаецца толькі ўспыхлае полымя забыцця над попеламі памяці і зарослымі сцежкамі нацыянальнай гісторыі?
Геапалітычнае распалажэнне беларускага народа ў цэнтральнай частцы ўсходняй Еўропы (калі такая сапраўды існуе?), ёсць яго шанцам, але і праклёнам. Дастаткова прыглядзецца цягам гісторыі самым вялікім войнам з сярэднявечных часоў, то акажацца, што дарогі ваенных паходаў сваіх, чужых, наёмных войскаў цягнуліся па скрыжаваннях беларускіх напрамкаў ад усходу і захаду і ад поўначы да поўдня. Выбудоўваць і адбудоўваць сваё стала неад’емнай часткай лёсу ўсіх беларускіх Русяў. І трывае па сённяшні дзень! Калі да гэтага ваеннага вынішчэння мы ўлічым смерцяносныя спадарожніцы-сястрыцы — заразы і пошасці, то падняцца ў дэмаграфічным, эканамічным, палітычным плане гэта не справа дзесяцігоддзяў, але часцей стагоддзяў!
Чарговая хваля беларускіх бежанцаў, асабліва ў так маштабным вымярэнні прыплыла і да нас, на Падляшша, пасля 2020 года. І, аказваецца, патрапілі яны сюды ў большасці будучы несвядомымі, што тут ад стагоддзяў жывуць у сябе таксама этнічныя беларусы! А адкуль жа ім пра гэта было ведаць! У савецкай, а потым лукашэнкаўскай Беларусі пра беларускія меншасці, ці дыяспары не было месца ў адукацыйнай і медыяльнай прасторы. Наадварот, заставалася толькі падазрэнне і нейкая недаверлівасць! Нават з’езды беларусаў свету «Бацькаўшчына» не былі ў змозе перакласціся на рэальную адкрытасць і дапамогу асімілюючымся беларусам па‑за межамі духоўнай бацькаўшчыны. Тая склаўшаяся зараз сітуацыя патрабуе з боку новай эміграцыі ў Падляшскім ваяводстве цярплівага ўзаемазразумення і ахвоты спазнання адметнасці нашай беларускай нацыянальнай меншасці. І таксама з нашага боку патрэбнае зразуменне, што варта і трэба быць нам разам! Таму цешуся, што адкрыванне і спазнаванне лёсу падляшскіх беларусаў становіцца натуральнай і сістэматычнай справай у многіх ініцыятывах беларускай дыяспары Беластока.
Таму, дай Божа, каб так было, паколькі разам лягчэй будзе нам надалей быць беларусамі! Разам мацаваць тоеснасць беларускага лёсу, гісторыі і мовы. Выбудоўваць і перадаваць зараз і наступным пакаленням нацыянальную годнасць і спрадвечным, мясцовым беларусам, і аселым зараз беларускім грамадзянам. Бо масавага вяртання ў Рэспубліку Беларусь з Польшчы і іншых краін свету ў бліжэйшым часе не будзе. Мо беларуская Ітака — Падляшша гэта таксама роднае прыстанішча?
Яўген Вапа, тыднёвік „Ніва”, №19, 2023 г.