Падляшская гаворка на «Ночы ваўкоў»
Першы дзень «Ночы ваўкоў», які праходзіў у беларускай частцы Белавежскай пушчы, адзначыўся выступам тэатра «Чрэва» з суседняга Падляшша. Цікавостка была ў тым, што пастаноўка пад назвай «Ваўчок-Маўчок» агучвалася на падляшскай гаворцы.
Падрабязней кажа Ёанна Троц з тэатра «Чрэва»:
– Прэм’ера спектакля адбылася ў 2017 годзе, мы ўжо сыгралі некалькі разоў гэты спектакль. А цяпер сыгралі ўпершыню ў Беларусі, у самым цэнтры Белавежскай пушчы для дзетак і для ўсіх. Спектакль мы паказваем на дзвюх мовах. Тут паказалі мы на мове, на якой гавораць у ваколіцах Бельска-Падляшскага і Гайнаўкі, дзе мы жывём, дзе частка з нас нарадзілася.
Мясцовыя ж дзеці ўспрынялі падляшскую гаворку за беларускую мову. Прынамсі спектакль яны зразумелі, і ён ім прыйшоўся даспадобы.
Акрамя спектаклю наведвальнікі паглядзелі кінапрацы, прысвечаныя драпежніку, і паслухалі лекцыі спецыялістаў з Беларусі і Польшчы на дадзеную тэму. Для маленькіх была асобная дзіцячая праграма знаёмства з ваўкамі. Завяршылася праграма першага дня вечаровымі экскурсіямі па ваўчыных слядах у запаведнай частцы пушчы, а таксама начным вогнішчам на «Царскай паляне».
Беларускае Радыё Рацыя