Падляшская моц нашых Юркаў
Доўгія, майскія выходныя ў Польшчы натуральным чынам завяршыліся для мяне 6 мая Святаюр’еўскай суботай — адным з найбольш любімых свят падляшскіх беларусаў.
Асабліва важнае яно для майго пакалення, калі надалей шмат Юркаў вакол нас. Для прыкладу, родны брат Юрка, кум Юры Каліна, а таксама многія сябры і знаёмыя — Юрка Ляшчынскі, Юрка Грыгарук, Юрка Гумянюк, Юрка Плютовіч, Юрка Раецкі, Юрка Кандрацюк, Юрка Асеннік, Юрка Шульскі, Юрка Хмялеўскі, Юрка Сульжык, Юрка Андраюк, Юрка Іванюк, Юрка Пякарскі. Прабачце, што не ў змозе пералічыць усіх, бо і памяць ужо не тая, каб усіх прыгадаць. Калі так добра ўспомніць ўсе сямейныя адгалінаванні і школьныя гады, то колькасць цёзкаў нават у гэтым спіску расцягнулася б да канца гэтай паласы.Таму шлю асабістыя і рэдакцыйныя прывітанні ўсім Юркам! Слаўце далей свайго ангела-ахоўніка!
Аднак нельга забыць і не ўзгадаць нашых старэйшых беларускіх куміраў — Юры Туронка, Юры Латышонка, Юрку Геніюша. Актыўны далей у Варшаве і на старонках «Нівы» Юрка Зюзя. На Падляшшы і ў нашым тыднёвіку паэтычнае беларускае слова ратуюць ад забыцця Юрка Баена і Юрка Буйнюк. І ўрэшце глыбокапаважаны ніўскі айцец-заснавальнік Георгі Валкавыцкі, вядомы таксама пад белавежскім паэтычным псеўданімам Юрка Зубрыцкі. Неблагі пантэон Юр’еўскіх, падляшскіх рыцараў, якія сваёй жыццёва-абарончай справай прысвяцілі сябе беларускасці. Хай не зводзяцца яны з нашай Падляшскай зямлі! Таксама, каб як найдаўжэй у нашых падляшскіх, праваслаўных прыходах вернікі ўшаноўвалі гэтага святога, з усмешкай і радасцю сустракаючыся паміж сабою, каб у веснавым цвіценні ўдавалася ім пабачыць і сустрэць яго ў сваіх сэрцах і душах, калі прыязджае на сваім кані ў наш куточак, каб даць адпор злу і ліхадзейству, што нясуць сюды ворагі праўды Божай і спрадвечнага нашага народу.
Спалучэнне Божага парадку з веснавым, прыродным, майскім успыхам жыццёвага прабуджэння нясе натуральным чынам прагу неверагодных змен вакол сябе і ў самім сабе. Перамагчы ўсіх нашых умоўных цмокаў гэта не толькі выклік для шанаваных святых, але і нас — тых зямных, чалавечых чарвей, якіх без перапынку раздушваюць боты гісторыі і штораз дзіўнейшыя правілы грамадаска-чалавечых парадкаў. Таму хіба гэтае імя з такой натуральнасцю ўпісваецца ў спіс імён, якія нясуць надзею! І ўся звязаная з ім агіяграфія ягонай святасці і неверагодна пульсацыйнасць колераў іканапісу пераможцы ўздзейнічае на ўяўленні ад малога да старога. Універсалізм веры і перамогі над злом гэта апірышчы і для хрысціянскай надзеі, і спадзяванні для атэістычнай справядлівасці. А пры гэтым загадкавасць дзеянняў і патрэба здзяйснення сваіх ідэй і закладзеных місій быццам бы ўпісваюцца ў чалавечыя, зямныя характары тых аднайменнікаў.
Юр’еўскае праваслаўнае свята вясны з даўніх гадоў у Польшчы таксама ўпісваецца ў каляндарны цыкл маладосці і пераходу да даросласці. Менавіта пасля майскіх выходных у краіне традыцыйна распачынаюцца матуральныя экзамены на атэстат сталасці. Васямнаццаці- ці дзевятнаццацігадовыя дзяўчаты і хлопцы, загледжаныя ў сваю прабуджаную біялагічна-духоўную эстэтыку, здаюць экзамены, якія могуць зусім інакш выправіць іхнія мары і задумы. Стаіць зараз перад вачыма мой матуральны час і тая бестурботнасць, якая была бязмежна свежай і аптымістычнай. Сябры былі сябрамі, мы кахалі дзяўчат — а яны нас! Музыка, літаратура і віно былі таксама ў абыход шэрасці дзён і клопатаў з гісторыяй часу, у якім прыйшлося ўзбуйняцца.
А калі ў гэтым годзе здавалася, што зацягнутае, халоднае надвор’е не дазволіць да матуры расквітнець традыцыйна каштанам, здарыўся чарговы, натуральны цуд — парадак. У чацвер, 4 мая, на экзамен па польскай мове, на маёй вуліцы, быццам дамовіўшыся, расцвілі каштаны — сімвалы маладосці. Значыць, усё яшчэ не прапала і ідзе сваім парадкам. Таму матурыстам жадаю поспехаў, а нам усім, каб вясна была мацней за вайну!
Яўген ВАПА, Ніва, №20, 2023 г.